Feb 10, 2013 13:28
Выйшаў па закупы на полацкі кірмаш. Адліга, сьлякотна, мокры сьнег цярусіць - на вуліцы непрыемна. Але на кірмашы ўсьцешыўся. На невялічкім пятачку, побач з цэнтральным кірмашовым павільёнам, гралі музыкі. Вясковыя бабуля і дзед. Сьветлыя твары, старая, але акуратная вопратка і абутак. Бабуля йграла на гармоніку, а яе дзед падстройваў энэргічны, заліхвацкі рытм на бубне. Драўляная, адшліхтваная да бляску калатушка мігцела ў дзедавых пальцах, як завадная. Не было ніякага сумневу, што гэткую спрактыкаванасьць чалавек здабыў не на адным вясковым вясельлі.
Спыніўся. Заслухаўся. Заглядзеўся. Бадзёрая і вясёлая "полька" дадавала настрою, нягледзячы на мярзотную адлігу.
Кінуў грошай у торбу музыкаў і пайшоў па сваіх справах. Пасьміхаючыся...
кірмаш,
Полацк