На лёдзе вада, многа вады. Адліга на гэты раз перабрала лішку. Ручаіны талай вады ператвараюць старыя лункі ў небясьпечныя палонкі. Рыба ад сьвежай вады шалее і ўпадае ў няўцямны стан ад кіслароднага кайфу. Клёву няма зусім. Быць можа, праз дні два-тры наркатычны дурман у рыбы пройдзе і зноў пачнецца нармальны клёў.
На лёд выбраліся разам з сынам. Скажу адразу, што рыбачыць зь ім гэтак жа прыемна, як і з бацькам. Нешта гаворыш, тлумачыш, паказваеш, а ў думках ловіш сябе на тым, што інтанацыі і акцэнты ў гэтых павучэньнях - бацькавы. Сям'я, традыцыя...
Нашыя суседзі сыйшлі з лёду ў абед, не падняўшчы ні хваста. Я такой раскошы сабе дазволіць не мог, ды яшчэ калі разам з сынам. Памітусіліся, пацягаліся па мокрай кашы, але з дзясятак плотак, акушкоў і яршоў дзёрнулі. Не дзеля голаду - выключна для маральнай сатысфакцыі. І дзень атрымаўся выдатны!