Лес любіць кожны адэкватны беларус, бо нашая краіна - лясная, іншай памысьлена быць ня можа. Але, калі слухаеш пажылых вяскоўцаў, якія гавораць пра лес, то выразна адчуваеш, што ў словах ёсьць не проста любоў, але і глыбокая пашанота да лесу і ягонага Гаспадара.
Запісы з Добрушскага раёна, якімі са мной ласкава падзяліліся калегі
“Я як у лес прыду кажу: “Родны мой лясочак, будзь мне родны браточак, шоб у мяне ўдача была і шоб пустая не прышла”. Так я сама сібе пагаманю” (в. Андрэеўка, Добрушскі раён).
“І лесавічок ё, тожа ў лесі. Есьлі ідзеш у лес, памалісь Богу і кажы: “Сьвяты лесавічок, пазволь мне набраць грыбоў. Сьвяты лясок, разрашы там…” А тады выходзіш і: “Спасіба, сьвяты лясок і лесавічок, за вашы грыбы, за ўсё”. Паблагадары і ідзі Эта сьвятыя - і лесавічок, і паляві пастушок. <А хто яго бачыць?> Толькі тыя, хто Богу верыйіць сільна, толькі той можа ўбачыць. А так не ўбача ніхто. І як у лес ідуць некатарыя, кладуць, просяць леса, просяць лесавічка і благадараць яго <А як заблудзішся, тожа просяць лесавічка?> Тожа прасі: “Сьвяты лесавічок, укажы мне дарогу і выведзі мяне, Госпадзі, на дарогу”. Проста так”
(в. Усохская буда, Добрушскі раён).