Jan 25, 2013 18:55
Дзед Мацьвей
Душы дзядоў дапамагаюць нам, нават калі мы ня просім ці не пасьпяваем папрасіць… Я веру ў гэта.
У самую жудасную аварыю на дарозе мой бацька трапіў 5 сакавіка 1978 г. Ужо ў прыцемках на сваім “МАЗе” ён цягнуў вялізныя бочкі, залітыя пад завязку гарачым бітумам. Тыя машыны так і называлі тады - “бітумавозы”.
Рэйс быў шараговы, не надта далёкі, і ўсё было як звычайна, каб не п’яны салдат за рулём, каб не “КрАЗ” па сустрэчнай паласе. Бацька адчайна сігналіў, бо нічога іншага не заставалася. Кюветы былі, што крапасныя рвы, - стромыя і глыбокія. Збочыць туды - перагарнуцца разам з бочкамі, заліцца гарачым, бы кіпень, бітумам. Бацька сігналіў, а насустрач яму ляцеў “КрАЗ”. Драпежная, высунутая наперад жалезная морда з масіўным маторам і пляскатая кабіна бацькавай машыны. Дурны і няроўны двубой.
Ад шалёнага ўдару кабіна “МАЗа” сьплішчылася, нібы кардонная. Лопнула бочка і скукожаны метал заліло дымным і сьмярдзючым бітумам, у якім можна было зварыцца жыўцом…
Бацьку выкінула ў сакавіцкі сумет праз дзьверы пасажыра. Ён не атрымаў ані драпіны. Ніхто дагэтуль не можа патлумачыць, як такое магло здарыцца ўвогуле, бо шанцаў выжыць у такім сутыкненьні не было. “Цуд” - толькі гэтае слова гучала потым у аповядах і каментарах тае аварыі. Вядома, цуд…
У той самы дзень, 5 сакавіка 1978 года, за колькі гадзін да жудаснага здарэньня памёр мой дзед. Бацькаў тата. Мацьвей Якаўлевіч Лобач.
Душы дзядоў дапамагаюць нам, нават калі мы ня просім ці не пасьпяваем папрасіць… Я веру ў гэта.
25.01.2013
дзяды,
бацька,
сказы