Юбілей

Jul 03, 2012 15:57

Хай сабе і невялікі, але юбілей. Роўна 20 гадоў таму пачалася мая першая этнаграфічная экспедыцыя. Адбылося гэта ля в. Галяшова Расонскага р-на, зусім побач ад расійскай мяжы. Паколькі гістфак БДУ на той час этнаграфічных экспедыцый не праводзіў, але тупа заганяў усіх "першакоў" у археалагічныя ямы, то гэтая выправа была абсалютна прыватнай акцыяй купкі студэнтаў. Натальля Валынчук, Андрэй Дубаневіч, Кірыл Крукоўскі, Алесь Лагвінец, Юрась Насевіч і я. Былі яшчэ мексіканец Рамэа і яго дзяўчына, але пасьля першае начоўкі, што сталася трагікамедыяй, яны ўцяклі.
Ніякіх навуковых кіраўнікоў і выкладчыкаў, ніякіх планаў, раскладаў, заданьняў. Вольніца была поўнай, прырода - шыкарнай, надвор'е - фантастычным, людзі, з якімі гаварылі, - шчырымі і дабразычлівымі (бабулі 1905-1912-х гадоў нараджэньня цяпер падаюцца проста нерэальнымі), песьні, што запісвалі, - напрыгажэйшымі...
Пасьля ў мяне былі дзясяткі іншых палявых выпраў. Полаччына, Вушаччына, Лепельшчына, Докшыччына, Лагойшчына, Барысаўшчына, Дрысеншчына, Мёршчына, Бешанковіччына, Гарадоччына... Але першая, Расонская экспедыцыя засталася ў памяці вельмі сьветлым, кранальным успамінам, бо не было ні калег, ні студэнтаў-практыкантаў, ні "левых" валанцёраў, але адно сябры...

поле, юбілей

Previous post Next post
Up