Шпік і сала

Feb 10, 2012 22:46

Што такое сала, я ведаў зь дзяцінства. Не з карцінак, але на колер і смак. Але, калі бабуля Ксеня, паддаўшыся на мае ўгаворы, у чарговы раз пачынала распавядаць пра ваеннае ліхалецьце, то слова "шпік", якога вымагалі нямецкія жаўнеры, заўсёды рэзала слых. "Матка, млека, яйка, шпік!" - менавіта такую формулу звароту немцаў да тутэйшых заўсёды пераказвала мне бабуля. Кантэкст мог мяняцца. У 1941-1942 гг. зварот гучаў хутчэй запытальна і на абмен прапаноўваліся цыгырэты, сахарын, мыла, але ад 1943-га пералічаныя прадукты тупа вымагаліся. Як немцамі, так і партызанамі. Адзінае, што адрозьнівала - "лясныя мсьціўцы" ніколі ня мелі праблем з тутэйшай лексікай і фанэтыкай. Сала, значыць сала...
Але я зусім не пра тое. Ва ўсіх гэтых зразумелых сітуацыях-матывацыях цьмяным заставалася толькі адно - слова "шпік". Калі немцы навучыліся шпрэхаць пра "млека" і "яйкі", то чаму ўпарта абзывалі сала нейкім "шпікам"? Бо ў паўночна-беларускіх гаворках "шпік" - гэта костны мозак. Іншага прадукту ні ў людзей, ні ў крамах часоў майго дзяцінства не было.
Ясная справа, пытаньне пра шпік не было лёсавызначальным і вельмі хутка гублялася ў вірах дзіцячых гульняў ды забаваў.
Пытаньне ўсплыла наноў, калі ў нашых крамах з'явіліся абалонкі з салападобным месівам, укручаным разам са сьпецыямі, што называліся "шпік" у розных варыяцыях: "бутэрбродны", "арыгінальны" і да т.п. Адмыслова пацікавіўся, што ёсьць "шпік" (spek) у немцаў. Аказалася, сала! Вядома, проці нашага - хераваценькае, але ж сала! Такім чынам, сэнс і зьмест згубіўся недзе ў працэсе міжкультурнага абмену ці, прасьцей кажучы, адмысловага перакладу.
Сітуацыю з падменай паняцьцяў  мне нагадала гісторыя Бахарэвіча - Сідарэвіча. Не раўнуючы, фошыст і партызан, што завіталі на госьці да вясковай бабулі. Адзін пра шпік, другі - пра сала, а вочы злыя, галодныя... Толькі і розьніцы, што ні салдатам вермахту, ні партызанам піярыцца патрэбы не было. Калі галодны, то сала будзе вечнай каштоўнасьцю, як ты яго не абзывай.

сала

Previous post Next post
Up