Feb 25, 2011 14:33
Каб купіць цыгарэты, давялося стаяць чаргу. Каб не губляць дарма час, пачаў вывучаць налепкі на бутэльках з айчыннай пладова-ягаднай прадукцыяй. "Серенада", "Купалінка", "Чёрный ручей", "Черноокая ночь". Нібыта выпадковыя назвы, насамрэч нясуць у сабе не абы якую сімволіку. Усе назвы апелююць да сімволікі чорнага (цёмнага) колеру, які ў часавым і прасторавым вымярэньні маркіруе адрэзкі, патэнцыйна небясьпечныя для чалавека і, як правіла, суаднесеныя з нячыстай сілай. У прыватнасьці, віно "Серанада" (франц. sérénade, ад італ. serenata, ад sera - вечер) у спалучэньні з "Купалінкай" не толькі правакуе яго спажыўцоў на выкананьне любоўных песьняў у вечаровым змроку, але і недвусэнсоўна ўказвае на аб'ект заляцаньняў - міфічны жаночы персанаж, пошукі якога нярэдка прыводзілі зухаў не ў казачныя палацы, але на лавы медвыцьвярэзьніка. Назва вінца "Чёрный ручей" дае падказкі наконт прасторавай лакалізацыі ўсёй рытуальнай дзеі. Пры гэтым, зьвернем увагу, што азначаная назва - адна з найбольш частотных у гідраніміі Беларусі і вельмі часта ў народных аповядах карэлюецца з вобразам чорта (нячыстага). Такім чынам, шчасьлівы ўладальнік пляшкі можа абсалютна гарманічна атабарыцца на беразе бліжэйшай Чорнай ручаіны, што працякае ў яго мясцовасьці і ўвасабляе мяжу паміж гэтым і тым сьветам. Поўны набор няпояў дазваляе ўзнавіць увесь рытуальны сцэнар: выхад на Чорны ручай (1 пляшка) - сьпевы серанады (2 пляшка) - пераход Чорнага ручая ўброд і пошук Купалінкі, як варыянт - паралельная бойка з чартамі (3 пляшка) - экзістэнцыйны прарыў і знаёмства з чарнавокай ноччу (4 пляшка).
Як бачым, кіраўніцтва і маркетынгавыя службы айчынных вінзаводаў прыкладаюць вялікія намаганьні, каб спажываньне іх прадуцыі насіла асэнсаваны характар і дазваляла простаму чалавеку перажываць рытуальны катарсіс нават ва ўмовах татальна працьвітаюшчай краіны.
іншасьвет,
віно