Птушкі і цюльпаны

Apr 02, 2008 23:12


Брус Лі і Буслы

У пачатку 1980-х напярэдадні 8-га сакавіка ў Наваполацку заўсёды з’яўляліся латышы. А з латышамі ў горадзе з’яўляліся цюльпаны. Прадпрымальныя і практычныя прыбалты растаўлялі свае драўляныя скрынкі з шкляной пярэдняй бачынкай, загружалі туды бярэмак цюльпанаў і запальвалі там сьвечку, каб кветкі ня зьмерзлі. Прадаваліся парніковыя гадаванцы дарагавата, але тутэйшыя мужчыны куплялі не гандлюючыся, бо дзьве гарадскія крамы “Цветы” маглі прапанаваць адно заімшэлыя кактусы і плюшчы незразумелага паходжаньня.

Латышы прадавалі свае кветкі, падлічвалі прыбыткі і, спакаваўшы драўляныя скрынкі ў аўто, выпраўляліся ўздоўж шляху “з варагаў - у грэкі” у зваротным, заходнім накірунку. Але некаторыя латышы заставаліся. Можа грошы так натапырвалі ім кішэні, што ехаць у машыне было нязручна, можа мясцовыя прыгажуні запальвалі ў наезджых ня толькі парафінавыя сьвечкі, але колькі латыськіх мальцаў заставалася ў Наваполацку, каб ударнай гульбой у мясцовых рэстарацыях адзначыць Міжнародны жаночы дзень.

Аднаго такога латыша я і сустрэў наступнай пасьля сьвяткаваньня раніцай. Маладжавы і вусаты, як з карцінкі, дзядзька блукаў па наваполацкіх дварах і адчайна спрабаваў адшукаць патрэбную дарожку з дапамогай шчырых рускіх мацюкоў. У латыша нічога не атрымлівалася і ён мусіў зьвярнуцца па дапамогу да людзей. Спачатку ён распытваў пра Маладзёжную вуліцу - скразны гарадскі калідор, дзе мусіў недзе сустрэцца са сваім сябрам, каб нарэшце паехаць дадому. Але праз хвіліну-другую латыш вельмі жыва зацікавіўся тутэйшымі рэстарацыямі. Душа прыбалта відавочна патрабавала працягу сьвяточных мерапрыемстваў і ён пачаў выпытваць у мяне каардынаты бліжэйшага кабака. А мне што? Я і падказаў. Латыш спыніўся, набычыўся і выказаў брутальны недавер да маіх словаў: “Які нах.. Брус Лі ў Беларусі?!” Фантастычная назва рэстарана ахаланула госьця і ён ізноў засабіраўся ў Латвію. Прыйшлося давесьці яго да Маладзёжнай, дзе, хочацца верыць, ён сустрэў свайго сябра.

Вось так беларускія птахі буслы і аднайменная рэстарацыя выратавалі латыськага дзядзьку ад працяглага запою ў чужым горадзе і, магчыма, ад непрыемнай сустрэчы з тутэйшымі маладзёжнымі бандамі ў наваполацкіх завугольлях.

латышы, Наваполацк, буслы

Previous post Next post
Up