На сьвятой крыніцы вачыма шукаў знаёмых людзей з Царкавішча, Звоні, Дольцаў... Не знаходзіў. Суцяшаў сябе тым, што Ільля прыпаў на панядзелак - працоўны дзень, і мае знаёмыя бабулькі і дзяды пад'едуць пазьней, як вызваляцца іх дзеці ці ўнукі, што маюць машыны. Але нейкае гнятлівае адчуваньне ўсё ж засталося. Бо ўжо неаднакроць здаралася так, што голас на тваім дыктафоне праз месяц, паўгода, год пасьля запісу ўжо належаў нябожчыку.
Ля крыніцы ішла служба, сьвятар сьвянціў крыніцу і людзі ў нецярпеньні сачылі за дзействам, каб хутчэй набраць тае цудадзейнае вады. А я выпадкова ўбачыў вочы бабулі, што была недзе далёка, па-за службай, натоўпам людзей, якія ўжо счаргаваліся да вады. Вочы яе бачылі тое, што мне пакуль яшчэ ўбачыць ня дадзена. Жыцьцё ўжо амаль адправіла сваю службу. Засталося толькі сыйсьці, ціха, сьветла, як сыходзіць ад нас сьвятая вада, колькі б мы яе не набіралі ў бутэлькі і флягі...