Мяжы паміж Полаччынай і Вушаччынай няма. Сядаеш у аўтобус і едзеш. Слухаеш мясцовую гаворку, як песьню. Скрозь сон, бо ўзьняўся вельмі рана, а клаўся позна. На вялікіх сарочынскіх ростанях выходзіш, каб праведаць сьвятую крыніцу і людзей, што пра яе помняць. "Ад царквы ішлі на каленках да тае крыніцы. А там каплічка такая стаяла, на чатырох стаўбах. Невялікая, ну, можа як палавіна маёй кухні..." - сарочынскі дзед распавядае пра мясцовую сьвятыню, да якой на Ўшэсьце прыходзілі да апошняга часу старыя жанчыны, каб хоць троху пачысьціць крынічку, набраць вады... Цяпер тых жанчынаў няма - паўміралі, але ёсьць крыніца, і ёсьць людзі, якім яна неабыякавая. Але будзе, будзе новы зруб, будзе каплічка, каб вялікія сарочынскія ростані былі адзначаны ня толькі дзьвюмя занядбанымі кавярнямі і вясковай крамай.
Мяжы паміж Полаччынай і Вушаччынай няма, бо калі Полацк - сэрца краю, то Вушаччына - тое, што б'ецца пад сэрцам.