Лес

Mar 15, 2008 22:44


На Поўначы лесу не баяцца
Мне было гадоў восемь, калі я ўпершыню заблукаў у лесе. Страху не было, а нейкая разгубленасьць і зьдзіўленьне, што ўсе пагоркі і дрэвы ў лесе раптам сталі аднолькавыя. Я не крычаў, не гукаў людзей, а нястомна мераў нагамі лясныя горкі, не забываючыся пры гэтым на грыбы. Хадзіў так дужа доўга. І грыбы ўжо ня стала куды класьці, а лясныя завулкі ўсё падманвалі раз за разам ці можа гуляліся са мною так.
Калі да мяне данеслася чалавечае галёканьне, то доўга круціўся на месцы, шукаючы напрамак, адкуль яно даляцела. Знайшоў, пайшоў насустрач, але паляўнічымі галсамі, бо крыкі людзей было чуваць то зьлева, то зправа. А я ішоў моўчкі і не адгукаўся зусім, пакуль не замільгацелі між соснаў хусткі вясковых жанчын. Яны рухаліся рэдкім расьцягнутым шэрагам, але так, каб не губляць адна адну з поля зроку. "Агу-гу-у-у-у-у" -- заводзіла адна, а праз пару хвілін падхоплівала другая. Засяроджаныя ішлі, сур'ёзныя. Усе, хто мог у вёсцы хадзіць, ішлі. На Поўначы з лесам не жартуюць.
Я чакаў, што атрымаю добрых кухталёў за сваю лясную прыгоду, але апынуўся ў эпіцэнтры шчырай, сардэчнай радасьці. Мая бабуля Ксеня толькі ў хаце пасварылася троху. Хіба што для праформы.
Той выпадак застаўся мне сьветлым успамінам. І добрым урокам.
На Поўначы лесу не баяцца.

Лес

Previous post Next post
Up