Сябра

Mar 23, 2010 17:10


Знак пад нумарам 17

Сьветлай памяці сябра Алеся

Даты, лічбы, камбінацыі лічбаў… Яны паўсюль, бязь іх немагчыма, але не сказаць, каб я быў прыхільнікам нумералогіі. Проста памятаю нумар свайго пашпарту, некаторыя тэлефоны, асабліва і ня надта важныя даты. Падабаюцца лічбы, што сканчаюцца на “5”, і не падабаюцца “абнуленыя”. Ці веру ў магію лічбаў? Не. Проста ведаю, што дзівосныя выпадкі, неверагодныя супадзеньні, у якія мы так верым, ужо даўна прабітыя зорным шрыфтом на богавым календары. Кожны год, кожны сезон, кожны месяц і дзень усё, як запланавана, усё, як мае быць.

Калі падае зорка, то можна загадаць жаданьне. Ціха, каб ніхто ня чуў, і расказваць пра яго ня можна, пакуль ня збудзецца. Гэтыя правілы ведае кожны з дзяцінства, хоць аніводная школа краіны ім не навучае. Восень 88-га ўжо адно па вымаўленьні гучыць як верш. Апошняя школьная восень, юнацкія гулі, піва, дзяўчаты, хто з нармальных людзей думае гэтай парой пра Атэстат пасьпяховасьці? “Батанікі” ня ў лік. Вось і мне зусім пра вучобу ня думалася. Але 17-га кастрычніка я заўважыў, як зь вечаровага, чорнага ў абсалюце, неба сарвалася зорка. Маленькая срэбраная звычайная тутэйшая зорка. І я загадаў жаданьне - паступіць на гістфак БДУ. На той час жаданьне падавалася фантастычным, недасяжным, як тоўстае чорнае шкло кастрычніцкага неба…

На гістфак я паступіў і пасьпяхова яго скончыў. Але сьмешна было б казаць, што паперка аб залічэньні трапіла ў маю паштовую скрыню гэтак жа неспадзявана, як тая зорка, што звалілася зь неба. Я катаваў і выдушваў сам сябе за гурбамі кніжак, млеў за чарговымі праграмнымі дакументамі бясконцых бальшавіцкіх з’ездаў і канферэнцый, якія на той час атаясамляліся з гісторыяй, і нават ладзіў ранішнія прабежкі на лясное азяро з воднымі працэдурамі і практыкаваньнямі на турніку. Зьвязлося. Я паступіў. Быў шалёны конкурс, процьма “ільготнікаў” і нават страшны залік па францускай мове. Але што з таго, калі я ведаў пра свой дадатковы зорны бал, якога ня меў ні адзін залаты медаліст у сваім навюткім атэстаце.

Пасьля таго я не стаў сьлепа верыць у лічбы, але практычна перастаў выкарыстоўваць слова “выпадковасьць”. Шуму будзёнасьці разьвейвае час, застаюцца адно толькі знакі…

З Алесем я пазнаёміўся проста ў полі. Не ў цягніку, на кірмашы, выставе ці канферэнцыі, і нават не на дарозе. У чыстым полі, праз якое і я, і ён скарачалі сабе шлях дадому. Сівенькі суханькі дзядок з акуратнай стрыжкай і бародкай, далікатны, ветлівы. Разгаварыліся, пайшлі разам. Ад першай хвіліны накрыла рэдкая для мяне хваля шчырага даверу і сімпатыі да абсалютна незнаёмага чалавека. На разьвітаньне абмяняліся каардынатамі. Ну вось, нібыта і ўсё, калі казаць пра пачатак нашага сяброўства. Ты скажаш, што так не бывае, што сяброў для чалавека гадуе двор, школа ці універсітэт, што дзяды сябрамі не бываюць. Згаджуся, бо гэта твая праўда. Але я маю сваю.

Чалавек, што меў за плячыма шэсьцьдзесят з добрым гакам гадоў моцна ўразіў мяне сваёй, амаль дзіцячай цікаўнасьцю да навакольнага сьвету, якую ён пераплаўляў у бясконцыя вандроўкі па абшарах Полаччыны. Фотаапарат у ягоным заплечніку цікаваў старыя дубы, коней на выгане, вясковыя цэрквы і вялізныя валуны ў дзьвінскай плыні. Алесь, які праз сваё захапленьне аматарскім краязнаўствам адмовіўся ад суседскай кампаніі адстаўнікоў-сабутыльнікаў, а на свой кампутар бясконца пампаваў этнаграфічную і гістарычную літаратуру ХІХ ст., моцна ўразіў мяне непадробнай любоўю да Беларусі, якую ён, як і я, навучыўся вымяраць нагамі. Рускі па нараджэньні чалавек, ён пераймаўся станам нашай культуры і мовы, прасіў гаварыць зь ім па-беларуску, хоць у ліставаньнях правяраў слушнасьць сваіх “тутэйшых”словаў электронным перакладчыкам.

Мы часта вандравалі разам, калі пешкі, калі на аўтобусе, калі на ягоным скутэры. Пякліся пад сонцам, моклі пад дажджом ці на нязручных пераправах, дзялілі свой няхітры перакус. Надзейнасьць, лёгкасьць, шчырасьць і дзень, які табе даецца сёньня, - гэта быў Алесь. Праведаў яго на Каляды. Ён сядзеў радасны, што перастала балець пашкоджаная колішнім зьвіхам нага, дзяліўся планамі пра сваю вялікую вандроўку, што запланаваў на наступны год. Па Беларусі, каб адзін, каб на выпрабаваньне, з начоўкамі ў лесе ці на беразе азяра. Паказваў дыскі з практычнымі парадамі для экстрымальных турыстаў…

Сябру хочацца патэлефанаваць без дай прычыны. Проста, каб спраўдзіць факт ягонай прысутнасьці ў тваім жыцьці. Я набраў нумар Алеся раз, другі, трэці…Доўгія гудкі. Падумалася, што ён паехаў праведаць сына ў Мурманск. Але ў той дзень, 17-га студзеня, патэлефанаваў яшчэ колькі разоў на ягоны гарадскі тэлефон. Ніхто не падымаў слухаўку, а мабільніка Алесь не заводзіў прынцыпова. Тады сэссія, мітусьня на рабоце закаламуціла дні, зацярушыла час, пакуль зусім выпадкова, ад зусім незнаёмых людзей не пачуў, што Алесь памёр. Ад інсульта, у пустой кватэры, на самоце, 17-га студзеня.

Увесь сьнег за вокнамі - пустата, з пранізьлівым мярцьвяным звонам. Бясконцыя цыгарэты, кава і…пустата. Успаміны неўпарадкаваным калейдаскопам. Многа лета, многа сьвятла. Дзень нашага знаёмства ў чыстым полі. 17 чэрвеня. Я б не запомніў, не прыдаў значэньня, але быў фотаапарат, а ён навучаны запамінаць даты...

14.02.2010

сябра, сказы

Previous post Next post
Up