Туман на зімовым азяры заўсёды ёсьць нечым містычным, патойбочным, але пры тым - неверагодна прыгожым і чароўным.
Такім ня днях было возера Гомля, дзе праходзіў негалосны чэмпіянат Полацкага ўніверсітэта па зімовай рыбалцы. У рамках універсіяды, якая штогод праходзіць у часе вакацый, можна было выбраць дартс, бадзяньне са шведскімі кійкамі ці вышываньне крыжыкам настольны тэніс, але ж гісторыкі выбіраюць сапраўдны зімовы спорт тутэйшай зямлі - рыбалку на лёдзе :))
Праўда, па розных прычынах уся катэдра не змагла прыняць удзел у гераічным промысьле, але добрую кумпанію старому дзеду склалі дзяўчаты Іна і Алена, што выдатна ведаюць, як бавіла свой вольны зімовы час Рагнеда )) Іна неадкладна прыступіла да паляваньня на акунёў, а вось Алена марна спрабавала зьвязацца з офісам азёрнага Гаспадара, каб той параіў улоўныя месцы.
Права выцягнуць першых паласацікаў дасталася ветэрану зімовай рыбалкі, чаму ён радаваўся, што малы дзіцёнак. Бо ў глухазім'е любая паклёўка за шчасьце.
Неўзабаве той неаспрэчны факт, што шчасьце ёсьць, засьведчыла і Алена, якая хоць і прыехала за кілаграмовым ліном, але і акушкоў не прапускала :)
У хуткім часе Іна таксама прадэманстравала клас, ліха выцягнуўшы на лёд паласатага монстра, які тутака ж быў адпушчаны на волю...
Дзень быў шыкоўны. Цёпла, ціха, прыемна... Час ляцеў незаўважна, хоць агулам прабылі на лёдзе каля 7 гадзін. На ямы не пайшлі, бо на гэтым азяры яны да 20 м глыбінёй, а таго ляшча яшчэ паспрабуй дастань...
Працэс быў, а гэта галоўным і ёсьць дзеля бадзёрасьці духу і шчырай радасьці. Што да вынікаў спаборніцтва, то, па прычыне самаадводу каманд усіх астатніх факультэтаў, абсалютным чэмпіёнам па зімовай рыбалцы сезону 2021 была прызнаная зборная катэдры гісторыі і турызму :))
Ужо на беразе ўзгадалі пра прыз з нагоды феерычнай перамогі. Прыз той быў класічны - чорны хлеб, сала і цыбуля пад гарачую гарбату. Але ж як смачна і кайфова!
Усім дабра і аптымізму!