Час няпросты. Дзеля "кароны", што косіць людзей, дзеля "кароны", што сплюшчыла мозак дыктатару, але ж працаваць трэба і "поля" ніхто не адмяняў. Гэта акурат тая праца, што не падпадае пад агульнанацыянальны страйк. Але ж сітуацыя дыктуе свае ўмовы. Вось і трымаем з вушацкім дзядулям сацыяльную дыстанцыю. Дзьмітрый Пятровіч багата распавёў пра жудасную атмасферу на савецка-польскім памежжы ў 1930-х гг., калі па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Польшчы забіралі дзясяткі людзей з тутэйшых вёсак, у тым ліку і бацьку спадара Дзьмітрыя. Абсурднасьць абвінавачаньняў спарадзіла чорную показку пра тое, як мужык, што жыў блізу мяжы, выйшаў з хаты "да ветру" і з моцнае напругі вельмі гучна сапсаваў паветра. За гэта раз'езд савецкіх памежнікаў абвінаваціў яго ў тым, што ёе падае сігналы палякам...
У восеньскай прыгажосьці беларускай вёскі вока міжволі спыніцца на адзнаках, прыкметах колішняй сялянскай цывілізацыі, дзе хлеб на стале быў ня вынікаў паходу да крамы ці аўталаўкі, але шчырым плёнам цяжкае руплівае працы на сваёй зямлі.
Круці жорны пільна - будзе і тут Вільна!
І бясконцыя, неверагодныя аповяды нашых шчырых, мудрых, гасьцінных бабуль, што не страцілі сваё непаўторнай чалавечай прыгажосьці і на схіле гадоў. Пра Бога, што хадзіў па зямлі, пра суседку-знахарку, пра крыніцу "Сьвятуху", да якой хадзілі на Макавея, пра тое, як пяклі ляпёшкі зь лебяды і шчавульніка ў галодныя паваенныя гады... Слухаўшы Клаўдзію Сьцяпаўну, проста забыўся на час...
Ня верыш? Тады паглядзі, з якім захапленьнем слухае вясковую бабулю дацэнт універсітэта. )) Праўда, праўда - гэта самыя лепшыя, паводле сваё жыцьцёвай мудрасьці, лекцыі, дзе кожная пачутая - абсалютны эксклюзіў.
Багата распавяла і Валянціна Міхайлаўна, а тады паказала маленькую хатку, што паставіў яе бацька без усякай дапамогі адразу пасьля вайны, каб перабрацца з лазьні, якая толькі і засталася ў спаленай вёсцы. Але, калі рабіў тое фота, у чарговы раз адчуў ціхую радасьць за тое, што на Вушаччыне і Расоншчыне, Мёршчыне і Глыбоччыне, куды б не паехаў, вясковыя людзі прымаюць нас за сваіх, з якімі можна шчыраваць і якім можна верыць, гэтаксама, як мы бясконца верым ім - праўдзіваму золату нашай зямлі.