Людзі і маскі

Sep 06, 2020 20:39

Маскі, як і адзеньне,  - адвечны атрыбут культуры. Але розьніца ёсьць. Адзеньне нас вылучае са сьвету прыроды і ёсьць абярэгам нашага цела як у прагматычным (аберагае ад знадворных умоваў жыцьця, калі кажух у -30 - гэта шчасьце), так і сімвалічным сэнсе. У традыцыйным грамадстве лічылася, што сурокі ды іншая псота можа падступіцца да чалавека толькі ў тых месцах, дзе цела не абароненае адзеньнем - гарлавіна, спод, кісці рук. Невыпадкова, што межавыя зоны адзеньня густа аздабляліся арнаментам, які, перадусім, меў ахоўныя функцыі.
Іншая справа - маска. Зь яе дапамогаю ты зьмяняеш свой чалавечы (сацыяльны, этнічны, культурны) статус на які заўгодна. Калядоўшчыкі, што апраналі маску казы, сьвята верылі, што прыносяць у сядзібу гаспадара новую долю і спор на ўвесь новы год. Насіць такую маску на Каляды было справай пачэснай, калі не сказаць сьвятарнай. Вядома, нашыя продкі не былі глупотнікамі і цудоўна ведалі, што пад маскаю казы таньчыць Мікола з суседняй хаты ці Васіль з выселкаў, але адорвалі іх ахвотна, бо шчыра верылі ў сьвята, якое прыносілі ў хату гэтыя мальцы. Зразумелым чынам, гаўнюку быць каляднай казою ніколі не сьвяціла...
Што нясуць людзям асобіны мужчынскага полу, якія апранаюць чорныя маскі, каб зьбіваць, нявечыць і гвалціць людзей? Чаму яны гэта ня робяць з адкрытым тварам? Не выходзіць з памяці сцэнка, калі пратэстоўца зрывае маску з карніка, і раптам, вокамгненна брутальная ўседазволенасьць апошняга ператвараецца ў страшэнны сполах на мяжы з панікай. Ён курчыцца, хавае твар рукамі, хаваецца ў сваёй сабачай будцы... Першае, што прыйшло ў галаву на сэнсавых паралелях - гэта кадры з фільмаў пра вупыроў, што гэткім жа чынам здыхаюць ад сонечнага сьвятла...
І ёсьць яшчэ адно. Трывожнае. Сёньня людзі пачалі зрываць маскі і пазнаваць у ананімных фашыстах рэальных людзей, хай і з паскуднымі, але канкрэтнымі біяграфіямі. Ведаеш, што будзе заўтра? Беларусы - тугаплаўкі народ, але, калі расплавіць іх цярпеньне, то апошні рэзістанс падасца ўблюдкам у чорных масках нязбытнаю казкаю, бо тады павесілі ня ўсіх

краіна

Previous post Next post
Up