Каронавірус сёлета абламіў буйную этнаграфічную экспедыцыю на беларуска-латышскім памежжы. Летні фармат "грыбы - ягады - рыбалка - артыкулы" хоць і даволі прыемны, але спараджае ў старога этнографа тугу па цёплых, жывых размовах з пажылымі вяскоўцамі, што памятаюць беларускі сьвет зусім іншым ад цяперашняга. Таму вось і наважыліся з калегай Аленай Сумко, у цьвердым перакананьні, што дыктафон можа сацыяльную дыстанцыю не вытрымліваць, праехацца па Мёрскім ды Глыбоцкім раёнах.
Кароткая вандроўка сталася надзвычай плённай. Апрача пяці з хвастом гадзінаў запісаў найцікавейшых успамінаў пра жыццьцё за Польшчай, вайну, культуру жыцьцязабесьпячэньня, народную медыцыну, каляндар, народную педагогіку і шмат чаго яшчэ, спагадлівыя і шчырыя гаспадыні адарылі сапраўдным скарбам: трубкай саматканага "паўсуконьня" (тонкага сукна з воўны), спраўным калаўротам, шыкоўным дзісненскім стаўбуном, плеценай лубкай (севалкай)... Ледзьве запакавалі ў машыну тыя дары.
Але і на тым яшчэ не ўсё. Пашчасьціла і на старыя фоткі, і нават дакументы, якія папрост падарылі на карысьць архіва Цэнтра вуснай гісторыі і палявых даследаваньняў ПДУ. Усьцешаны такім добрым вынікам вандроўкі, падумаў, што край ад Дзісны да Празарокаў, што стаўся любімым для Ігната Буйніцкага, Вацлава Ластоўскага, Язэпа Драздовіча, і ня можа быць іншым для для любога беларуса, што чытае сваю Краіну, як самую цікавую кнігу ў сьвеце