Пан Лес

Jul 02, 2020 10:56




У 6:40 быў ужо ў лесе. Фізкультура з гантэлькамі - прыдумка гарадская, бо сапраўдны зарад бадзёрасьці і жыцьцёвага аптымізму дае невялікі, кілометраў на 15, ранішні шпацыр па беларускім лесе. Тут табе ўсё да кучы: хадзьба, прысяданьні і паклоны да ягадаў і грыбоў, неспартовае, але не менш прыемнае арыентаваньне, ароматэрапія і безьлімітнае спажываньне хваёвага паветра, насычанага фітанцыдамі, што абнуляюць любы вірусьняк.



Адвеку у беларусаў лес меў сакральны статус. Найперш таму, што пасаджаны быў самім Богам у тыя часы, калі сьвет толькі зачынаўся. А ў жыцьцёвым вымярэньні таму, што менавіта лес у бясконцай віхуры ваенных ліхалецьцяў зьбярог беларусаў ад аматараў з усходу і захаду, якія зьбіраліся канчаткова вырашыць "беларускае пытаньне". Ня лішне сказаць, што і розныя магічныя практыкі, знахарскія і чарадзейскія, беларусы любілі мудрыць у лесе. Не стрымаўся і я - вырашыў паваражыць. Паклаў, як водзіцца, цукерку на пянёк ды задаў Пану Лесу пытаньне: Што будзе з вусатым чортам пасьля 9 жніўня?
Зашумеў лес, загулі вяршаліны хвояў пад раптоўным парывам ветру і - сталася мне праява. Ух, аж дух заняло! Але ж Пану Лесу ня верыць не магу.



Супакоіў нервы, што аж зайшліся ад радасьці, ды заняўся звычайнымі ляснымі справамі ))) Залатых маленечкіх гузікаў, бы маку рассыпана. Гэта значыць, што недзе праз тыдзень пачнецца праўдзівы ўраджай



Ну,а пакуль - на суп ды смажанку))



Пагуляў тры гадзінкі па лесы ды вынырнуў на бальшак, дзе быў зьдзіўлены загадкавай жалобнай працэсіяй у чырвона-зялёных колерах. Але тады зразумеў, што гэткім чынам агітбрыгада з сельсавету выбіраецца на гастролі па навакольных вёсках, каб павіншаваць людзей з празьнікам. Але ж, дружа мой, ты выдатна ведаеш, што празьнік - не сьвята, а лес у любым выпадку важней))

лес, грыбы, Полаччына

Previous post Next post
Up