Сьмятана

Jun 28, 2020 17:24




Сёньня без усякай палітыкі.  Бо якая можа быць палітыка на кухні, асабліва, калі ведаеш, што 97% - гэта не хер сабачы, а вось вусаты хер сабачы са сваімі 3% хутка стане неактуальны для ўсіх нас, аматараў беларускай здаровай кухні. Такім чынам, сёньня пра сьмятану..
З апетытам трэскаючы супец з маладых лісак, я чамусьці задумаўся, што смакавае сьвята - гэта ня толькі базавая страва, але і тыя крэсачкі, красачкі, адценьні, што мы дадаем у ежу. Больш таго, каб не было тых "дробязяў", дык страва відавочна не засмакавала б.
Ясна, як белы дзень, што ніхто ў здаровым розуме не папросіць на абед ці вячэру сьмятаны, каб ламануць грамаў 300 і адчуць асалоду ад жыцьця. Я такіх людзей, прынамсі, ня ведаю. Але без сьмятаны амаль увесь хіт-парад беларускай кухні аўтаматычна робіцца панылай жракай. Халодны ці гарачы шчавель, халаднічок бураковы ці бацьвіньне, расольнік на мазгавой костцы, грыбны квас (суп), а таксама капуста (шчы) і боршч. Дранікі, калдуны, бабка, мачанка, урэшце рэшт. А блінцы, калі бабуля адвеку пыталася - з варэньнем ці са сьмятанай? Што ўжо казаць пра зеляніну, якую шчодра кроім у свае місы. Нарубаць зялёнай цыбулі ды з кропам, заляіць сьмятанкай, падсаліць - і толькі ў смакавы шлях з маладою бульбачкаю (веганы, запісваемся на курсы!)). Тое самае ўчыняем з гуркамі ды таматамі, а бел-чырвоная юшка, што застаецца - гэта ж проста гастранамічны космас, калі макнуць чорным хлебам!
Пра дэсерт пытаешся? Без праблем. Суніцы, чарніцы, клубніцы са сьмятанай - проста піск летняй смакаты. Ай, што і казаць, калі нават масла на нашым стале - сьметанковае))
Я ўсё да чаго. У дробязях хаваецца сутнасьць, і пакуль не даўмеліся прагныя суседзі, беларусы мусяць забіць за сабою брэнд вынаходнікаў і шчырых патрыётаў сьмятаны. Хай у сьпісе ЮНЭСКА, хай проста так - каб усе ведалі.
А вусатаму херу ў турме сьмятаны не даваць.

кухня, беларусы

Previous post Next post
Up