Пан Лес

Jun 24, 2020 20:28




Нешта агарнула мяне настальгія па няпростых дзіцячых гадах. Таму вырашыў праведаць маляўнічыя мясьціны на Расоншчыне, дзе на берагох прыгажуні Дрысы месьціцца лагер дзіцячага адпачынку "Камета"



У чысы майго дзяцінства гэта быў "піянерлагер" з усімі вынікаючымі - лінейкамі, горнамі, барабанамі, "Зарніцамі". І меў я ў той лагер шэсьць ходак, якія аттрубіў ад званка да званка)) Ні разу не скарджуся, бо жыцьцё ў лагеры было вечным супрацівам сістэме. Без усякай ідэалогіі, роўна на глебе дзіцячага авантурызму і прагі жыцьця. Падпольныя ўцекі, каб пакупацца самаволь у Дрысе, зьдзяканьні з дапамогай зубной пастай над тымі, хто пільнуецца "соннага часу", але галоўнае - нелегальныя выправы па суніцы. Ты прыносіў сваё зазнобе з суседняга атраду тры-чатыры доўгіх травіны з нацятымі на яе чыровнымі суніцамі - і ўсе павольныя танцулі, а таксама прагулкі "далошка ў далошку" былі табе жалезна гарантаваныя... Суніцы буяюць і цяпер. Што праўда, пік ураджаю будзе дзесьці праз тыдзень.



Ізноў Дрыса. Сёньня падоўгу любаваўся ёю, бо вельмі дарагая мне, майму роду. Дый чаго не адняць - гэта адна з самых маляўнічых і свавольны рэк Беларусі. Плыня - як у горнага вадаспаду. І калісь забава была такая - кідалі плывушкі  (надзьмутыя кругі, шыны), а тады несьліся з візгатам па плыні, шалеючы ад дурной радасьці... Дарэчы, калі ты быў ўлоўлены ў піянерлагеры "Камета" на нелегальным купаньні ў Дрысе, то адлічэньне адбывалася адразу, што было вялікай ганьбай для бацькоў і піянерскай арганізацыі тваёй школы. Ні разу не трапіўся, бо піянер быў той яшчэ))



Пацешыла і добрая чарнічная перспектыва. Калі шчыра, то зьбіраць гэтую ягаду не любіў у дзяцінстве, дый зараз не вельмі. А вось лупануць ад душы, у розных варыяцыях (папрост вялікай жменяй, з малаком, сьмятанай, маржэкам) - вялікі аматар.



Ну і пад занавес - дзіва дзіўнае! І калі ўжо беларускі лес пад такім падпісаўся, то беларусам іншага выбару няма - як скінуць 3% аблудную хеўру са свайго карку.
Нашай долі будзе болей!

лес, ягады, грыбы

Previous post Next post
Up