Беларусы

May 04, 2020 19:44

Надзіва мудры і разважлівы народ, ня схільны да "душэўных парываў" з танцамі на сталах. Выдатны гаспадар і ўласьнік, які ведае кошт "свайму". Зямлі, хутару, фірме, нават уласным ідэям. Ні разу не балбатун і не шчыры перад выпадковымі. Асьцярожны, бо навучаны гісторыяй нікому ня верыць. Адсюль, не надта гасьцінны, калі толькі не ведае госьця як свата, брата, свайго чалавека. Геданіст, бо традыцыйная кухня - канцэнтрат плоцьцевых задавальненьняў на любы смак. Нават веганам знайдзецца шчавель і сьнітка, а што ўжо казаць пра мясаедаў, для якіх тутэйшая кухня - вырай. Адчайны, калі вораг паклаў на лаву ягоных дзяцей і хоча прыдушыць другой лавай. Умее забіваць, але ўмее любіць і песьціць. Пасьміхаецца рэдка, але як! Быццам сонца ўзыйшло! Такі вось народ.

Пасіўны, як пахілены плот, што не зважае на вецер з любой стараны. Прыстасаванец, якога сьвет ня бачыў, згодны драць свайго за чуб, абы пан не раззлаваўся. Сцыклівы да страты прытомнасьці ў сітуацыі, калі "яшчэ можна пацярпець". Непераборлівы: няма мяса - згадзіцца і крапіва. Не калектыўны і не салідарны ні разу. Мая хата - сэнс жыцьця, нават калі жыве ў інтэрнаце. Зайздросны і няшчыры, бо любіць ведаць, што і як у суседа, і ня любіць, каб ведалі пра яго. Пахмурны нават з аблічча, незалежна ад сумы грошай у кішэні. Такі вось народ.

А народ адзін і той жа. Эх, як у люстэрка паглядзеўся)))

І нічога тут не паробіш, бо батарэйка працуе, калі мае "плюс" і "мінус".

беларусы

Previous post Next post
Up