Дзісна 2019

Jul 26, 2019 19:52




Чорна-белы сьвет беларускай вёскі

Сьвет ніколі не бывае чорна-белым, ты гэта цудоўна ведаеш, як па ўласных адчуваньнях, так і па той дзівоснай поліхраміі, што жывіць тваё вока кожны дзень. Але ў чорна-белых фотаздымках ёсьць свая асаблівая магія, якая змушае доўга ўглядацца ў аматарскія карткі, бо так выразна і выяўна на іх відаць сьветлыя і сапраўдныя пачуцьці вясковых людзей, хоць іх паваеннае жыцьцё, здавалася б, давала мала падставаў для радасьці.



Дзякуючы кіраўніцтву Полацкага ўніверсітэта, экспедыцыйная група была забясьпечана сучасным абсталяваньнем, якое дазволіла, вядома са згоды людзей, сканаваць старыя фотаздымкі ў палявых умовах. І кожная фотакарта сталася сапраўднай знаходкай, бо гэта не бясконцыя сучасныя сэлфі з нагоды і без, але падзея, гісторыя, выпадак з жыцьця нашых бацькоў і дзядоў.



Прыгожы і шчасьлівы твар маладой мамы, якая аберуч трымае сваё любае немаўлятка... І гэта тая самая жанчына, што хвіліну таму са сьлязьмі ў голасе распавядала пра жудасны паваенны голад, калі мёрзлая бульба, званая "ташноцікі", была ці не адзіным наедкам, калі не лічыць крапіву, шчавульнік, лебяду... Пра гэтых жанчын, што перажылі вайну і паваенную нішчымніцу, паставілі на нагі дзетак ды зрабілі ўсё магчымае, каб яны "выбіліся ў людзі", ніхто ня піша кніжак ды не здымае фільмаў. Гэта ж не партызаны і не падпольшчыкі, чаго там... Але нашая нацыя захавалася дзякуючы менавіта такім жанчынам, што, пакінуўшы за плячыма ваенны страх, не пакінулі любові да жыцьця.



Уразілі сур'ёзныя, дарослыя вочы пасьляваенных падлеткаў і іхнія рукі, цёмныя ад працы. Маленькія мужычкі... З аповядаў свайго бацькі ведаю, што слова "дзяцінства" тут можна ўжываць зь вялікімі агаворкамі, асабліва для тых сем'яў, дзе бацька не вярнўся з вайны.



Але маладосьць у кожнага толькі адна. І, вядома, яна - самая-самая. Вячоркі, дзяўчаты, танцы, першы гальштук, пазычаны ў суседа для форсу, але самае галоўнае - жывыя іскра ў вачах, калі ўсё магчыма, калі ўсё па сілах.



Можа станаўлюся старым і занудным, але, аглядаючы на фотаздымках тагасную моду, бачу, што і стылізаваныя вышыванкі былі куды больш стыльнымі за цяперашнія. А ўвогуле тагачасная мода - надзвычай цікавая тэма, і калі раптам з'явіцца талковая студэнтка, то падару ёй гэтую праблему ў якасьці тэмы для курсавых і дыплома))



Вясельле - дык сапраўды весялосьць, шчырая, нязмушаная, са сьветлым спадзевам на лепшую долю для маладых. А над мальцам у верхнім шэрагу ўжо пасьпелі нязлосна паджартаваць у самы адказны момант - насунулі шапку на вочы. Дзяды, бацькі, сваякі ды суседзі, гарманісты, гатовыя рубануць вясельны марш, а тады і польку, як час падыйдзе...



Нават фотаздымак з Траецкіх Дзядоў, калі сваіх памерлых паміналі на могілках, усё адно сьветлы, як і памяць пра тых, хто ўжо сыйшоў ад нас. Тры пакаленьні жанчын і, хутчэй за ўсё, мужчына за кадрам. Рэаліі паваеннай Беларусі.



Ня ведаю, хто прыдумаў пагудку пра беларусаў, як пра змрочных і невясёлых людзей. Магчыма, гэта зьвязана з маральнымі трансфармацыямі былых вяскоўцаў на гарадскім асфальце. Але па маіх назіраньнях, беларусы - ці не апошняя ў Еўропе нацыя, што выдатна ведае, чым адрозьніваецца "празьнік" ад сапраўднага сьвята і, калі надыходзіць апошняе,  умеюць з усёй душою яго сустрэць і праводзіць

поле, Дзісна, экспедыцыя ПДУ

Previous post Next post
Up