Летам вандроўны дух абуджаецца з неверагоднай сілай і цягне зьмяніць месца лакацыі любым спосабам. Адсюль, краязнаўчыя Пастаўскія чытаньні сталіся прыемнай нагодай наведаць каларытнае і мілае мястэчка Паўночнай Беларусі. Па-за канфесійнымі разборкамі, чыста на ўзроўні прыватнага густу, засьведчу, што неагатычны стыль імпануе мне куды больш, чым псеўдарускі, рассыпаны па нашай краіне "мураўёўкамі" ды цэрквамі посткаланіяльнай эпохі.
Дзякуй Небу, што дзьве апошнія Сусьветныя вайны не ператварылі Паставы ў безаблічны райцэнтр. І цяпер прайсьціся па старым мястэчку - шчырае задавальненьне, бо на свае вочы бачыш архітэктурныя візітоўкі пана Антонія Тызенгаўза, які калісьці зрабіў з Паставаў сапраўдную цацку.
Хоць былі жорстка абмежаваныя па часе, але не зайсьці ў мясцовы краязнаўчы музэй не змаглі. Хаця б дзеля таго, каб зірнуць на прыгожы і мужны твар Віктара Сікоры, што змагаўся за вольную Беларусь і адбыў за гэта 10 гадоў у сталінскіх лагерах. І хоць музэйшчыкі наблыталі з гадамі жыцьця, памылка гэтая падалася знакавай: і ў тры гады такія людзі ўжо маюць стрыжань волата... А што да бацькі Віктара, то спадар Іван Сікора ведаў толк у сапраўдных саджанцах, бо яблыка ад яблыні...