EESTI

Feb 11, 2018 17:10




07/02/18

*     *     *
Vana Tallinn! Не горад - песьня! Стрыманая, мужчынская, поўная стоеных, але праўдзівых пачуцьцяў, якім хочацца адразу паверыць. І не заўважаеш сам, як крок за крокам патрапляеш у гэты паўночны рытм і сам, без усялякіх словаў, пачынаеш сьпяваць, а суворы вецер з Балтыкі разносіць рэхам твой напеў паміж "таўстуляй Маргарытай" і яе каханым "бамбізай Германам", што скамянелі замкавымі вежамі на розных канцах старога Таліна.



*     *     *

Талін сустрэў пухнатым сьнегам, які шчодра сыпаўся зь неадбеленага палатна эстонскага неба і толькі падкрэсьліваў нардычную прыгажосьць сталіцы. Вецер і сьнег прагналі са старых вулак амаль усіх турыстаў і гэтая акалічнасьць сталася сапраўдным падарункам з боку старога горада. Я палічыў гэта знакам прыязнасьці да мяне.



*      *     *
Балтыйская чаіца спакойна і разважліва паглядала на мяне, як быццам за ёю была вечнасьць у выглядзе велічнай царквы Niguliste, а за мною - адно цікавасьць падарожнага чалавека з далёкай краіны, дзе таксама падае сьнег і чуваць сьпевы з Балтыкі, што праносяцца па-над Дзьвіною ад самай Рыжскай затокі.



*     *      *
У першы дзень знаёмства з Талінам не хацелася лішніх словаў. Ні інфармацыі з турыстычных абежнікаў, ні балбатлівага турыстычнага фону... Ціхі сьнег, ціхі горад, зь якім, на кожнай вулцы, пад кожнай аркай ці на плошчы, вітаешся вачыма. І гэтага дастаткова, каб паразумецца і ўспомніць, што каханьне бывае і з першага погляду...



Нібы выпадкова, згубіць беларускую манетку ў завулку сьвятой Кацярыны... Ніякай містыкі і магіі, проста беларусы - ашчадныя хутаране, і рана ці позна вяртаюцца туды, дзе пакінулі нешта сваё :)

Эстонія, падарожнае, сказы

Previous post Next post
Up