Са шчырым задавальненьнем набыў сёньня ў мінскай кнігарні дасьледаваньне Аляксандра Сержпутоўскага "Палешукі-беларусы. Этнаграфічны нарыс". Дзякуючы намаганьням Сяргея Грунтова і Алега Лысенкі цікаўнаму чытачу стаў даступны рукапіс вядомага беларускага этнографа (1908 г.), які дагэтуль захоўваўся ў Расійскім этнаграфічным музэі. Калі "Прымхі і забабоны..." Сержпутоўскага зроблены на ўзор "Прастанародных прыкмет і павер'яў...Віцебскай Беларусі" Мікалая Нікіфароўскага (структурныя і нават тэкставыя супадзеньні вельмі моцныя), то "Палешукі-беларусы" даюць цудоўную магчымасць пазнаёміцца з уласным і арыгінальным стылем дасьледчыка Слуцкага Палесься. Матэрыяльная культура, побыт, гаспадарка, міфалогія і вераваньні, вясковыя сьвятыні, народная медыцына і магічныя практыкі - пра ўсё гэта з захапленьнем чытаў ад Мінска да Полацка. Акрамя таго, кніга выдадзена на выдатнай паперы з арыгінальнымі малюнкамі і фотаздымкамі аўтара. Карацей, вельмі раю! За 7 рублёў гэта проста падарунак нейкі. Але, увага: наклад усяго 200 асобнікаў!
Ясная справа, як жыхар крывіцкіх земляў, не магу стрымацца, каб не працытаваць колькі палескіх "фішак". Не дзеля кпінаў, але дзеля лепшага знаёмства з гэтым самабытным рэгіёнам, бо некаторых рэчаў нам, падзьвінскім людцам, не зразумець))
"Палешукі рэдка мыюцца ў лазьнях. Яны цярпліва чакаюць лета, калі з'явіцца магчымасьць змыць сабраны за зіму на целе бруд. Толькі пры некаторых хваробах наведваюць лазьню, дзе хворага націраюць рознымі лекамі і падвяргаюць уздзеянню пары і высокай тэмпературы. паводле меркаваньня палешукоў, частае наведваньне лазні разлагоджвае цела і робіць яго схільным да прастудных захворванняў"
"Калі дзяўчына ходзіць так, што наскі ног разам, то гэта азначае, што ў яе сіпуха (дрэнны палавы орган). Хлопцы пазьбягаюць такіх жанчын, думаючы, што яны непрыдатныя для шлюбнага жыцьця і будуць бяздзетнымі"
(па фота відаць, што жанчына ў часе маладосьці хадзіла як трэба:))
"Нявеста пасля вянчання кладзе свой вянок - галаўны ўбор пад падушку, на якой спіць з жаніхом у першую шлюбную ноч. Гэта неабходна для таго.., каб жаніх любіў яе ўсё жыццё так, як у гэту ноч"