Цягнічок і кніга

Dec 22, 2017 15:25




Заўчора вырашыў пракаціцца да Мінску на новым хуткасным цягнічку. Спадзяваньняў ён не падмануў - хутка, чыста, сьветла, прасторна і цёпла. Стартаваў у 6:19, прыбыў у 10:57. Каб з карысьцю бавіць час, прыхапіў з сабой кніжачку Вітаўтаса Місявічуса "Мядзведжая акадэмія" у добрым перакладзе Масея Грынблата. Атрымаў шчырае задавальненьне ад прыгодніцкай гістарычнай прозы літоўскага пісьменьніка не толькі дзеля сакавітасьці стылю, чымсьці падобнага на "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Ўладзіміра Караткевіча, але і дзякуючы сюжэтнай лініі - дзея абдымае літоўска-беларускае памежжа і нашыя знакавыя мястэчкі і месты: Ашмяны, Смургоні, Нясьвіж за часамі панаваньня тут Пане Каханку (Караля Станіслава Радзівіла). Гісторыя разгортваецца як падарожжа маладога літоўскага шляхціца Габрэлюса Твірбутаса ў пошуках лепшай долі, што на кожным кроку насычана прыгодамі і дзівоснымі задарэньнямі. Ваўкалакі, чараўнікі, махляры, карачмары, цыганы і, вядома, шляхта прадстаўлены ў рамане каларытна і красамоўна. Мову аповяду вельмі жывяць фальклёрныя залацінкі ў выглядзе павер'яў, прымхаў, паданьняў і сакавітых прыказак ды выслоўяў, некаторыя зь якіх і занатаваў:
  • Шчасьце прыносяць не грошы, але грошы вельмі дапамагаюць без шчасьця абыйсьціся
  • У 17 гадоў дык і чорт быў без зморшчын
  • Карчмарова вока праз лахманы шэляг бачыць
  • Галоднай курцы зярнятка на думцы
  • Гэты нос Бог на сямёх нёс
  • За грошы ўсюды харошы
  • Хто дапамагае беднаму, той пазычае самому Богу
  • У малым гарадку ўсе вялікія вушы маюць
  • Вось дык сустрэча: адзін пасівеў, а другі - палысеў
  • Чым чарка глыбейшая, тым галоўка дурнейшая.

падарожнае, кніга

Previous post Next post
Up