Масьленіца
Апошні дзень лютага раскашаваў сьляпучым сонцам і аптымістычным ціўканьнем птушак, але ў кабінеце старшыні панаваў афіцыйны паўзмрок і напружаная цішыня. Яшчэ ніколі такая прадстаўнічая нарада не зьбіралася, каб абмеркаваць нішчымнае пытаньне - гарадское сьвяткаваньне Масьленіцы. Старшыня трымаў паўзу, перакладаў паперкі на стале, а загадчыкі ўпраў і аддзелаў папераменна кідалі запытальныя погляды на галоўнага ідыёлага. Той акругляў вочы, трос галавой, нібыта ў дробным эсэнцыяльным трэмары, на знак таго, што прычына такой маштабнай тусоўкі яму невядомая. Агулам, было досыць трывожна.
Нарэшце старшыня навёў вочы на прысутных, кашлянуў і пачаў сустрэчу зусім нечакана, усхваляваным голасам:
- Дарагія сябры!
“Піз...ц!” - аўтаматычна зрэагаваў у думках намесьнік па сацыяльных пытаньнях на зварот, які прарочыў усё што заўгодна - вайну, эпідэмію, выбары і іншую херню, але толькі не сяброўскія пасядзелкі.
- Дарагія сябры. - ізноў паўтарыў старшыня, але сьцішана і нават разгублена.
“Поўны піз…ц!” - твары прысутных люстравалі дзівоснае, хай і таемнае аднадумства адносна паседжання. Старшыня ўзяў у рукі стос папераў, і так драматычна ўздыхнуў, што загадчык аддзелу па робоце са зваротамі грамадзян ажно прымружыў вочы: “Ё, толькі не “братья і сёстры”!
- Як вы ведаеце, - старшыня нарэшце выйшаў на патрэбны рытм маўленьня, - бягучы год абвешчаны “Годам традыцыйнай культуры”.
Прысутныя заківалі галовамі, а Ніна Пятроўна, галоўная па гарадскім гандлі, паказальна выгнула сьпіну, каб шыкоўныя дундолі чацьвертага памеру выгодна надзьмулі ветразі яе каларытнай вышыванкі.
“Эх, Ніна, Ніна, не ў час!” - старшыня прывітальны жэст заўважыў, але сваю прыхаваную жарсьць да жаночых вышыванак, карункаў і іншых праяваў традыцыйнай культуры рашуча асьцюдзіў: “Не зараз!” На адрас Ніны Пятроўны быў кінуты злосны погляд, пасьля чаго жанчына пакрыўджана і дэманстратыўна стала маляваць розную садавіну і гародніну ў сваім скураным нататніку: “Хрэн табе, лысы чорт, а не прыпеўкі ў саўне!” Лядашчая моркаўка на малюнку атрымалася крывой і, чамусьці, завязанай на вузел. Ідэолаг, што сядзеў ад гандляркі леваруч, грэбліва хмыкнуў на такі паказушны і танны патрыятызм. “Сапраўдныя пачуцьці і каштоўнасьці навонкі не выстаўляюць” - падумаў ён з адчуваньнем неверагоднай маральнай перавагі пра свае эксклюзіўныя вышыстрынгі…
- Гэта значыць, - працягваў старшыня, - што асаблівую ўвагу мы павінны ўдзяляць.., - далей пайшло цытаваньне дакумента, - “…захаваньню і папулярызацыі лепшых узораў і феноменаў традыцыйнай культуры ў аўтэнтычных формах іх бытавання”. Скажу прасьцей! - у голасе старшыні зазьвінела сталь. - Такой жуйні, што адбылася з Калядамі, быць не павінна! П’яная каза на лыжах! Жывая, рэальная і п’яная каза на лыжах стварыла затор на мосьце ажно на тры гадзіны! Дзе вы, Пафнуцій Валяр’янавіч такое калядаваньне бачылі?! - раз’юшаная сьлінька сарвалася з вуснаў старшыні і, не даляцеўшы да ідыёлага, расплылася ў нататніку Ніны Пятроўны як раз на коньчыку моркаўкі. Ідыёлаг вінавата апусьціў галаву і заелозіў у крэсьле - вышыстрынгі балюча ўпіліся ў клубы.
- Мы хацелі дасягнуць максімальнай аўтэнтычнасьці, каб замест маскі - сапраўдны персанаж. Думалі, што ў старажытнасьці так і было. - нерашуча паспрабаваў апраўдацца Пафнуцій Валяр’янавіч.
- Думалі?! - старшыня пачынаў раз’юшвацца. - Думаць трэба галавой, а не задніцай!
Ідыёлаг густа пачырванеў і ўнурыў галаву ў плечы, а Ніна Пятроўна прыгожа вывяла ў нататніку “казёл на лыжах!”. “Вось урод! Дзяркач бы яму ў задніцу і самога на лыжы паставіць!” - зь нянавісьцю падумаў пра ідэолага намесьнік па аграрным сектары, які сельскую гаспадарку на дух не пераносіў, але жывёл любіў, і нават купіў дачцы новага хамячка, замест раздушанага на днях пасьля п’янай вечарынкі.
- Значыць так! - старшыня ляснуў даланёй па сталешніцы. - Масьленіца мусіць быць, як песьня. Я б сказаў, як гімн. Бо прыедзе Сам! - указальны палец начальніка паказваў у столь.
Усе прысутныя рэфлекторна паглядзелі на вялікі партрэт, што навісаў над лысінай старшыні. Так калісьці глядзелі падапечныя на прафесара Паўлава - любы капрыз, толькі ня біце токам! Хацеў крутнуцца і старшыня, але тое было зрабіць нязручна і ён працягнуў:
- Будзе Сам, прэм’ер, міністр культуры і прадстаўнікі дыпкорпуса. Швецыя, Германія, Польшча, Літва… Многа ўсякіх.
- Сямён Сямёнавіч, - намесьнік па эканоміцы падняў руку, рыхтык у школе, перад тым як задаць пытаньне, - чаму менавіта мы?
- А таму! - нервы старшыні не вытрымлівалі і ён амаль крычаў. - А таму, што, мы, яго макаўку, - калыска дзяржаўнасьці!
- Як?! - Ніна Пятроўна ізноў надзьмула свае ветразі, але ўжо ад шчырага зьдзіўленьня. - Летась жа “калыскай” была вёска Тупічына! Навукоўцы ж даказалі!
- Новы год - новая калыска. Што не ясна? - куды больш лагодна адказаў старшыня, бо вышыванка Ніны Пятроўны дзейнічала на яго магічным супакаяльным чынам. - А нашыя навукоўцы, што ім скажуць, то і дакажуць.
- Але ў нас ёсьць сцэнар Масьленіцы, заўсёды праходзіла добра. Народ задаволены. - падключыласяся да абмеркаваньня загадчыца аддзела спорту і турызму. І нашы супрацоўнікі, у адрозьненьне ад іншых, - спапяляльны погляд быў кінуты выскачцы-гандлярцы з “курынымі мазгамі”, з-за якой вышыпанчохі і вышыстанік Алены Сяргееўны без справы пыліліся ў шуфлядзе, - цудоўна разумеюць адказнасьць такога пачэснага званьня як “калыска дзяржаўнасьці”.
“Вось пласкадонка драная!” - Ніна Пятроўна гучна хмыкнула і старанна, буйнымі літарамі напісала ў нататніку “каза на лыжах”.
- Да-да, Масьленіца ў нас на ўзроўні! - узбудзіўся Пафнуцій Валяр’янавіч. - Перад гасьцямі, высокімі гасьцямі сорамна не будзе. Ну, хіба, - ідэолаг злавіў недаверлівы позірк старшыні, - дабавім больш аўтэнтычнасьці.
- Стоп! - старшыня катэгарычна выставіў даланю. - П’янай Масьленіцы на лыжаролерах ня будзе! Сцэнар ужо распрацаваны ў Акадэміі навук і зацьверджаны ў Адміністрацыі. Слухаем і матаем на вус. А лепей - усё запісваем.
Гучна, выразна, але павольна пачала зачытвацца папера з Акадэміі. Чынавенскі люд актыўна закалякаў асадкамі ў сваіх штодзёньніках, не перапыняючы чытаньня ніякімі запытамі ці рэплікамі.
“Галоўным дзеючым персанажам масьленічнага рытуалу выступае Веснавое Сонца (“Вясна-красна”) - сімвал жыцьця, абуджэньня прыроды, урадлівасьці, плоднасьці, грамадскага дабрабыту і гармоніі, увасабленьне сацыяльна арыентаванай палітыкі нашай дзяржавы. Касьцюм Веснавога Сонца (далей - ВС), згодна канонам традыцыйнай культуры, павінен быць вытрыманы ў чырвона-зялёнай каляровай гаме, галаўны ўбор у выглядзе прамяністага залатога какошніка сімвалізуе жыццядайнае сьвяціла і касьмічную справядлівасьць. Атрыбутам ВС выступае крыштальны сасуд, напоўнены жытам, што ў традыцыйнай карціне сьвету азначае родную краіну ў стане яе росквіту і заможнасьці…”.
- Ахрэнець, як красіва! - адарваўся ад пісаніны начальнік міліцыі, якому ізноў пачынала страшэнна смажыць у вантробах пасьля ўчорашняга, а паўза была патрэбная, каб адкаркаваць чарговую бутэльку зь мінералкай.
“Антыподам і праціўнікам ВС выступае Халодная Зіма (далей - ХЗ) - увасабленьне сьмерці, сьцюжы, голаду, нястачы, сацыяльнай нестабільнасьці і напругі. Адзеньне ХЗ - лахманы чорнага колеру - падкрэсьліваюць дэструктыўны характар гэтай пары года як для народнай гаспадаркі, дзяржаўнай палітыкі, так і для касьмічнага парадку ў цэлым… Апагеем масьленічнага рытуалу з’яўляецца перамога ВС над ХЗ, спаленьне апошняй на абрадавым вогнішчы і надзяленьне народа новай шчасьлівай доляй (абсыпаньне жытам з крыштальнага сасуду)”.
- Ну, чо. Усё проста і зразумела. Давайце зробім маленькі перапынак. - душа і цела палкоўніка прасіліся ў буфет, бо мінералка ў дасяжнасьці рукі скончылася.
- Пацерпіш! - Старшыня зьняў і зноў начапіў на нос акуляры. - Тут самае галоўнае: “У мэтах максімальнага набліжэньня масьленічнага сьвяткаваньня да аўтэнтычнага ўзору, пажадана замяніць спаленьне пудзіла ХЗ на імітацыю спаленьня рэальнага ўдзельніка абраду, які ўвасабляе азначанага персанажа, што стасуецца з язычніцкай традыцыяй чалавечых ахвярапрынашэньняў”.
- У-у-у! - у кабінеце зьдзіўлена і дружна загулі.
- Як спаліць? - вышыванка на грудзі Ніны Пятроўны ўздымалася ўсхваляваным полымем.
- Ды супакойцеся! - Сямён Сямёныч разьвёў рукамі, нібы дырыжор. - Гэта проста імітацыя. Для драматызму і відовішчнасьці. Сьпецыяльны касьцюм, усе дзялы. Гэты ХЗ крычыць, паддае страху, эмоцый. Ну, праклёны, рознае-ўсякае. Падпалілі, як у кіно, а тады - пусьцілі дым, яго выцягнулі, затушылі хуценька. А як дым разыйшоўся - дагарае ўжо пудзіла. Усё! І народ балдзее абсалютна, і ўсе госьці задаволеныя. Бо гэта ж - аў-тэн-тыч-ны абрад! - старшыня сваімі словамі пераказаў інструкцыю.
- Няма праблем. У мяне бомж неапазнаны ў кутузцы сядзіць - яго і спалім. - палкоўнік працягваў крэатывіць, слаба кемячы пра што вядзецца размова.
- Гэта ўсё кветачкі…- інтанацыі старшыні сталі змрочнымі. - “З мэтай дасягненьня найбольшага грамадскага эфекту, зьніжэньня сацыяльнай напружанасьці і прадметнага купіравання негатыўных праяў эканамічнага характару ўскласьці выкананьне ролі ХЗ на прадстаўніка кіруючых органаў мясцовай улады. Пры зацьвярджэньні кандыдатуры неабходна ўлічваць рэйтынг супрацоўніка, эфектыўнасьць і запатрабаванасьць ягонай працы на службовай пасадзе, а таксама грамадскае мяркаваньне адносна ягонай дзейнасьці…”.
- Я нічога не разумею. - голас Пафнуція Валяр’янавіча ад перапуду загучаў фальцэтам.
- А я патлумачу. - Сямён Сямёнавіч па чарзе, уважліва аглядаў усіх прысутных. - Хтосьці з вас павінен стаць ахвярным казлом. Якога не толькі ціпа спаляць, але рэальна і, самае галоўнае, публічна звольняць. Дармаеды на плошчы пляскаюць у ладкі, усе задаволены, ніякіх мітынгаў - цішыня, спакой, стабільнасьць.
- І хто такую жуйню прыдумаў?! - зароў палкоўнік у мярцьвянай цішыні.
Старшыня моўчкі ўзьняў палец да столі, і ўсе зь нянавісьцю і страхам паглядзелі на патрэт за ягонай сьпінай.
- Не ўсё так страшна. 100 базавых прэміі, пара месяцаў адпачынку і - пераназначэньне на іншую пасаду. Ясна, што не ў нашым горадзе, але, магчыма, з падвышэньнем. - старшыня стомлена адкінуўся на сьпінку скуранога фатэля і прамакнуў узмакрэлую лысіну насоўкай. - Пакуль не зацьвердзім кандыдатуру ХЗ - не разыйдземся. - падсумаваў ён.
“Я так і ведаў. Гэта поўны-поўны, паўнюткі, да краёў, да рэшты піз…ц, ды яшчэ на халадзец”. - намесьніка па сацыяльнай сьферы ахапіў прыступ панікі. “Штосьці трэба рабіць, штосьці трэба рабіць”, - у галаве ідэолага бязладна круціліся думкі, але ён адчуваў, што проста так адседзіцца не атрымаецца і трэба ратавацца любым спосабам:
- Сямён Сямёнавіч, - ідэолаг нават узьняўся з крэсла дзеля важнасьці моманту, - усе мы дзяржаўныя людзі, і належна выконваць даручэньні прэзідэнта - наш прафесійны і грамадзянскі абавязак. Я гатовы з усёй адказнасьцю ўзяць на сябе выкананне ролі Веснавога Сонца…
- Валяр’янавіч, ты што, мовы нашай роднай, аўтэнтычнай не разумееш?! - не стаў выслухваць да канца старшыня.
- Я мову нашу родную люблю і разумею, аўтэнтычную… - разгублена прамармытаў ідэолаг.
- Дык якога хера сунешся з такімі прапановамі?! Ты не зразумеў, хто да нас едзе на Масьленіцу? Ты тупа не даганяеш, хто будзе Веснавым Сонцам?! - роў Сямёнавіч ня стрымліваючыся. - А ты, разумнік, і па жыцьці ХЗ і на Масьленіцу ХЗ будзеш. Вырашана!
- Правільна! Талкова! Ідэальнае рашэньне! - загарлалі прысутныя на розныя лады, а няшчасны ідэолаг раптам адчуў, як ад нялюдскай напругі лопнула гумка ягоных вышыстрынгаў…
У кабінеце запанавала ўзбуджаная і вясёлая атмасфера з дуркаватымі жарцікамі і кпінамі. У бок Пафнуція Валяр’янавіча стараліся проста не глядзець, як быццам бы яго ўжо спалілі, а попел разьвеялі. Агульная весялосьць не закранула адно начальніка міліцыі. Яму было млосна і ён, каб стрываць да канца паседжаньня, утаропіў свой позірк у партрэт на сьцяне. Спачатку ён мысьліўна апрануў выяву на партрэце ў чырвона-зялёны сарафан, потым дадаў прамяністы какошнік залацістага колеру… “Іпаць-капаць, сонца ты наша веснавое!” - прашаптаў палкоўнік і адчуў, як да горла падступілі абсалютна рэальныя ваніты.
- Сямёныч, я выйду. - начальнік жаласна паглядзеў на старшыню.
- Ідзі ўжо. Пяць хвілін! - махнуў той на міліцыянта.
Але яшчэ не пасьпеў начальнік міліцыі дайсьці да дзьвярэй, як у кабінеце патрабавальна зайшоўся-зазьвінеў тэлефон. Такія званкі праходзілі толькі па вертыкалі, зьверху. Гамана сьціхла, а старшыня, перш чым падняць слухаўку, нярвовымі жэстамі рукі даў зразумець, што нарада скончана…
Ніна Пятроўна вярнулася ў кабінет начальніка, калі да канца працоўнага дня заставаліся лічаныя хвіліны. Сьвятло не было запалена і постаць старшыні цямнела на фоне змрачнаватага вакна з водбліскамі вулічных ліхтароў. Сямён Сямёнавіч глядзеў на плошчу Свабоды, якую ізноў пачынаў засыпаць сьнег, і белае покрыва засьцілала, нібыта саванам, месца масьленічнага ігрышча, месца ягонай будучай ганьбы… Прэзідэнт за дзьве хвіліны, са сваімі дуркаватымі жартамі-каламбурамі, прызначыў ахвярнага казла ў сёлятнюю калыску дзяржаўнасьці.
- Сеня…- Ніна Пятроўна далікатна кранула за плячо старшыню. Чуткі (і як толькі сочацца?) пра адстаўку старшыні ўжо абляцелі ўстанову.
- Ніна, за што? Я ж служыў верай і праўдай! - Сямён Сямёнавіч ня мог стрываць сьлёз і схаваў мокры твар у разрэзе пульхнай жаночай вышыванкі.
- Сеня, Сенечка, усё яшчэ наладзіцца. Паедзем да мяне? Згатую што-небудзь любімае. Хочаш, бліны зь ікрой?
Старшыня не адказаў. Ізноў павярнуўся да вакна, наліў палову шклянкі гарэлкі. Моўчкі выпіў, закусваць не стаў і адказаў ці то Ніне, ці то сьнегу за вакном: “Хрэн яму, а не бліны!” А потым, ужо дакладна Ніне: “Лепей клёцкі. З душамі…”
25.02.2017
Калі спадабалася і пасьміхнула - падзяліся з сябрам :)