Жонка, муж і белы заяц

Feb 27, 2017 19:53




Мужчына быў выбітным снайперам. У яго была прыгожая жонка, і кахалі яны адзін аднаго бязьмежна. Але камандзір паслаў мужа ў далёкую і небясьпечную камандзіроўку, каб дапамагчы людзям. Зь ім вымушана была паехаць і ягоная жонка, хоць зусім гэтага і не жадала, бо была выкшталцонай, гламурнай дзяўчонкай і тусіць сярод просталюдзінаў не хацела. Але, што зробіш, давялося ехаць. З таго пачаліся сваркі з мужам, а градус каханьня і ўсяго-таго, што зь ім зьвязана, значна панізіўся. Снайпер выканаў заданьне і трапнымі стрэламі пазабіваў вогненныя зоркі, што несьлі засуху і голад людзям.  Народ сьпяваў і таньчыў ад радасьці, але начальству такі трыюмф снайпера не спадабаўся. Баец быў пазбаўлены ўсіх узнагарод, званьняў, а таксама грашовых выплат. Жонка ад такіх навінаў асатанела ўшчэнт і прагнала мужа прэчкі. Так снайпер стаў вандроўным кілерам. Але ідэйным і шляхетным. Ён здолеў забіць пачварнага маньяка, які тырыў і вырабляў невядома што з прыгожымі дзяўчатамі. На хвалі славы снайпер вярнуўся дадому і замірыўся з жонкай. Але тут новая трасца - тая стала ныць пра раньнія зморшчыны і цэлюліт, карацей - пра старасьць. Маўляў, дастань мне крутых маладзільных сродкаў з сакрэтнай лабараторыі, бла-бла-бла. Цалкам вынесла мозг мужыку. Той пайшоў і, рызыкуючы жыцьцём, тое зельле дастаў, аддаў жонцы на захаваньне, сказаўшы: Давай бахнем гэтай чмурні разам, каб быць заўжды маладымі і не траціць грошы на віягру і пластычныя аперацыі. Вырашылі выпіць на сьвята, але сяброўка жонкі нараіла, што варта бухнуць усё самой і з мужам не дзяліцца, каб ужо шчасьця падваліла бязь меры. Жонка так і зрабіла. Выпіла і адчула, як адбываецца штосьці непапраўнае - яе цела стала лягчэй за паветра і ўзьнеслася ажно на месяц. І дагэтуль яна там жыве ў поўнай самоце, калі не лічыць белага зайца, які таўчэць у ступе зельле для бесьсмяротнасьць і трохлапай жабы.
Фу, ажно замарыўся, мой шаноўны чытач, пакуль хуценька пераказваў табе сваімі словамі кітайскі міф пра Чан'э і яе мужа Хоў І. Між тым, гісторыя не прахадная, бо завязаная на другое па значнасьці для кітайцаў Месяцовае сьвята, што сьвяткуецца на поўню ў сярэдзіне 8 месяца па месяцовым календары.   

міфалогія

Previous post Next post
Up