Лепельскія чытаньні

Oct 26, 2016 19:38




Заўтра з калегамі выпраўляемся на Лепельскія чытаньні. Да гэтай канферэнцыі маю асаблівыя сімпатыі, і, калі дазваляюць магчымасьці, стараюся яе не прапускаць. Справа не толькі ў тым, што арганізатары прымаюць вельмі гасьцінна і цёпла ды не марудзяць з выданьнем матэрыялаў. Перадусім, вабіць уласна Лепельшчына - чароўны куток Падзьвіньня з шыкоўнай прыродай, каларытнай культурнай спадчынай і прыязнымі людзьмі. Але тое я б мог сказаць і пра Вушаччыну, Расоншчыну, Пастаўшчыну ці Лёзьненшчыну... Вось толькі Чытаньні, як праява шчырай цікавасьці да сваёй бацькаўшчыны, сталі візітнай карткай толькі Лепельшчыны. Нажаль, што толькі Лепельшчыны... Летась былі паспрабавалі адрадзіць Браслаўскія чытаньні, калісьці слынную культурніцкую акцыю, але адносна працягу штосьці не чуваць. Астатнія раёны нібы зьмярцьвелі, краязнаўчыя музэі і райаддзелы культуры паснулі вечным дажынкавым сном. Хоць цікавостак для доследаў хапае паўсюль... І тэмаў, і часу знайшоў бы і для Глыбоцкіх, і для Шумілінскіх ці Докшыцкіх чытаньняў. Праўда! Год стараўся б, каб па восені паехаць у навуковы круіз па Падзьвіньні: ад Браслава да Гарадка.

навука, Лепель, Беларускае Падзьвіньне

Previous post Next post
Up