Мядовы Спас

Aug 14, 2016 15:31




Мёд я люблю. З аладкамі, блінцамі, тварагом... Пажмакаць мёд у сотах, запіваючы халоднай калодзежнай вадой - не толькі шчырае смакавае задавальненьне, але і гарантыя, што ніякі насмарк цябе не дастане. І на лёдзе, калі пільнуеш увесь сьветлавы дзень акунёў ды падлешчыкаў на марозе, вялікі тэрмас з гарбатай на мёдзе - абавязковы атрыбут. Не скажу, што трушчу мёд штодня на сьняданак, абед і вячэру, але за восеньска-зімовыя месяцы тры літры мёду спажываю лёгенька. Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць маёй мядовай любові, толькі яна не гастранамічнага, але міфалагічна-містычнага характару. Для мяне застаецца абсалютнай загадкай, як гэтыя маленькія пчолкі, "божыя казюркі" ствараюць такое дзіва - мёд. Вядома, можна пачытаць пра бія-хімічны працэс ператварэньня нектару ў Вікіпедыі, але ж занадта сумна і непраўдзіва, бо гэткі цуд не можа адбывацца без ласкі багоў. Ня верыш? Тады паспрабуй ад рукі намаляваць дзьве аднолькавыя шасьцікутнія прызмы, як тое дасканала вырабляюць пчолы ў сваіх сотах. Нічога не атрымаецца! Дасканалая геаметрыя пчолаў - боскі знак.
У любым разе, Мядовы фэст у Полацку ды яшчэ на Мядовы Спас я прапусьціць ня мог...



Месьцічаў на цэнтральную алею высыпала шмат, і бадай кожны меў зусім не пустую цікавасьць да падзеі. Наперадзе беларуская гнятлівая восень і зіма зь іх прастудамі і дэпрэсьнякамі, а прызапашаны слоік добрага мёду ўжо адным сваім выглядам адганяе тугу і залётныя інфекцыі.
Выбар мёду на алеі быў проста шыкоўны. Пчаляры з Браслаўшчыны, Вушаччыны, але найболей - з Полаччыны, прапаноўвалі мёд на любы густ. Але, паводле маіх назіраньняў, асаблівай папулярнасьцю карыстаўся лясны мёд, бо з разнаквецьцем полацкіх гушчароў не параўнаюцца ніякія лугавіны і палеткі. Сам аддаю перавагу такому мёду і табе, мой дружа, раю.



Перавага мясцовага Мядовага фэсту над падобнымі мерапрыемствамі дзесь у Мінску ў тым, што "левага" мёду тут практычна не сустрэнеш. Пчаляры-прыватнікі, якія не хаваюць ад людзей ні прозьвішча, ні сваіх каардынатаў з тэлефонамі, сваёй рэпутацыя надзвычай даражаць і свой мёд цукровым сіропам не бадзяжаць - купляй сьмела!



Паралельна зь мёдам прадавалі і пчалярскую атрыбутыку. Пастаяў і падзівіўся апранахам, што нагадвалі камбезы касманаўтаў. І нават пальчаткі адмысловыя ёсьць. А я памятаю, як упершыню дапамагаў бацьку выбіраць мёд. Сетка на галаву, лёгкая кашуля з даўгімі рукавамі і глуха зашпіленым каўняром ды яшчэ дымар у руках. Але ж кісьці рук - голыя, адно што нашмараваныя мачалам з лыка крушыны. І скажу табе, напачатку меў жудасны страх, бо на маіх руках поўзалі дзясяткі пчолаў. Але не джалілі! Крушына - tradition wins!





Не абыйшлося на фэсце і без іканаграфіі пчолак. Найлепш тое атрымлівалася ў дзетак, якіх на сьвяце было вельмі шмат. І пакуль бацькі выбіралі і куплялі мёд, дзятва ўсяляк адрывалася. Калі не малюнкамі, дык беларускімі таньчыкамі. Напрыклад, "Заінька"



Калі ж за справу выяўленьня вобразу "божай казюркі" і яе шчырага прыхільніка медзьвядзя (ці ведаеш, што агульнаславянскае мядзьведзь ёсьць эўфемізмам, які азначае таго, хто паядае мёд, бо сапраўднае найменьне жывёлы было табуяваным) браліся дарослыя, то рукі рэфлекторна хавалі за сьпіну слоік з куплёным мёдам. Вядома, жартую, бо ўсё было досыць прыкольна, але ніяк не брыдка. Прынамсі, дзецям падабалася.



Цешыў і агульны фон на алеі. Радасныя людзі, прыветныя пчаляры, цудоўнае надвор'е і беларуская музыка, народныя найгрышы. Недзе далёка, на пляцы цяўкала расейская папса, але сьвяточнай атмасферы сапсаваць яна была не ў стане. А паколькі Мядовы Спас ёсьць адначасова і Макавей, то я табе, мой дарагі дружа, параю сьпячы якуюсьці смачную булачку з макам і трускануць яе са сьвежым бурштынавым мёдам.
І хай хваробы абмінаюць цябе цэлы год!

сьвята, Полацк, пчолы

Previous post Next post
Up