Прывітаньне з Радзімай

Jun 14, 2016 12:52

Шчасьце бывае, гэта праўда. Не крутымі рахункамі, сіськастымі дзеўкамі, яхтамі, але кропкавым уколам у сэрца, калі радасьць на ўвесь сьвет, калі сьмяяцца хочацца ці, прынамсі, проста лыбіцца небу...
Вяртаўся з абароны дыпломаў, запылены, з задуранай галавой, бо, калі табе на поўным сур'ёзе распавядаюць пра "Всеслава Колдуна", то хочацца мець пры сабе пісталет. І тут, раптам, на полацкім кірмашы чую, як грае скрыпка. Іду на гук і бачу сталага мужчынку, што старанна выводзіць нейкія найгрышы.
Даўней полацкі кірмаш славіўся сваімі музыкамі. Гралі дудары, але тое я не заспеў. А вось у маю бытнасьць шчыравалі на гармоніках, побач дзядок набіваў рытм бубнам, але спыніцца было дзеля чаго. Атрымліваў асалоду ад гэтых сьмяшлівых дзядоў, што прыносілі на кірмаш атмасферу сьвята. Усё зьнікла, калі кірмашовую плошчу ўшчэнт забудавалі пластыкавымі каркасамі ды шапікамі. Прапалі дзяды зь іх нетаропкімі, удумлівымі шахматамі, гармонікамі, байкамі і разваламі рознай старызны, дзе заўжды было цікава пакапацца.
І тут - скрыпка! Я падыйшоў, павітаўся і спытаў наўпрост: "А "Паланэз" Агінскага можаце?" - Паспрабую, - адказаў дзядзька. А потым, шчасьце кальнула мяне ў самае сэрца. Сярод гаманы, чалавечае мітусьні, гучала чароўная музыка Міхала Клеафаса Агінскага, якая заўжды была для мяне "Прывітаньнем з Радзімай". Дзядзька стараўся, і, як па мне, граў віртуозна, а я проста млеў ад шчырае радасьці, бо нашыя коды нікуды не зьнікаюць - варта пачуць гукі, што цярэбяць душу.
Грошай скрыпачу не пашкадаваў, падзякаваў сардэчна, а шчасьце паляцела ў самыя вышыні беларускага неба ціўклівымі ластаўкамі...

кірмаш, музыка, Полацк

Previous post Next post
Up