Палачане і папы

Jan 21, 2016 19:24




Некаторыя сучасныя дасьледчыкі любяць паразважаць пра ўніяцкую царкву як пра нібыта "народную", ледзьве не "шчыра беларускую", але, калі занурыцца ў дакументы 17 ст., бачна, што для праваслаўных палачанаў усё было не так адназначна. Размова йдзе пра тыповы для сярэднявечнага чалавека традыцыяналізм, калі "вера бацькоў" была сьвятой па вызначэньні, незалежна ад дагматычных мудрагеляў, у якіх просты чалавек і не разьбіраўся. Таму папы, што яшчэ ўчора былі праваслаўнымі, а сёньня сталі уніяцкімі, успрымаліся месьцічамі як "здрайцы", людзі не вартыя павагі. Спроба ж спагнаць штраф за нехаджэньне да ўніяцкай царквы магла скончыцца і адкрытым канфліктам.

15 лютага 1640 г.
"...ойцове законницы церкви монастыра Борысоглебского... обтежливе жаловали от себе и именем всих иншых отцов законников... на мещан Кобацких (Кобак - левабярэжнае прадмесьце Полацка - У.Л.) Олексея Одеруху и Яска Миколаевича о том, иж дей кгды они ойцове с слугами врадовыми мескими пришли на Кобак... грабить их Кобочан за нехоженье до церкви, там же дей тые помененые особы з иншыми Кобачаны, учынивши бунт, их ойцов законников безвинне первей словами брыдкими полаявши, отповедь и похвалку на здоровье их ойцов законников учынили, обецуючи их бить, забиять и в реке утопить..."

Палачанкі, што ад часоў Рагнеды ніколі не былі ціхамірнымі авечкамі, таксама не адседжваліся ўдома, але актыўна спрычыніліся да "дыялогу" з прадстаўнікамі царквы і... адабралі ўжо спагнаныя ў выглядзе штрафаў грошы. Бо папы папамі, а сямейны бюджэт цярпець ня мусіць.

"...слуга меский... прызнал, иж кгды он грабежи у Кобачан у Кобаку за нехоженье до церкви брал, ино оскочыли его тумультом невесты, белокгловы и якись на имя Рудник кграбеж из рук кгвалтом отнял, а на ойцов законников галас и крык словами непотребными учынили и зневажили"

Шчыра кажучы, нават ня ведаю, як бы цяпер расцэніў падобны ўчынак следчы камітэт ці пракуратура. Але на той час завадатары - Аляксей Адзяруха і Яска Мікалаевіч - аддзелаліся даволі лёгка. Тыдзень на "сутках" у ратушнай вязьніцы, ну і прабачэньне, якое мусілі прынесьці, у чым я зусім ня ўпэўнены.

"... того Олексея Одеруху и Яска Миколаевича до турмы на везенье на цалый тыдень всказуем, которое везенье кгды выседять, мають учтиве тых ойцов препросить...".

Папы, відаць, палічылі, што цяпер могуць уцюхваць "опіюм для народа" у неабмежаванай колькасьці, і рынуліся ізноў у прадмесьце, але і ўвесну таго ж, 1640 года, іх чакала прыкрае расчараваньне. На гэты раз пацярпеў айцец Маісей Федаровіч, які зайшоўся ў хату да Афанаса Кандраценкі. Месьціч, разам са сваім братам Андрэям,
"отца Мойсея словами непристойными лаючы, соромотечы и на славе доброй щыплючы, и крыж сребреный, который мел з собою.., оный з рук ему выкрутил, и бляху от креста отбил и погибал, и похвалку на здоровье его отца Моисея учынил, мовечы: иж дей не ражу тобе бывать на Кобаку не только в моем дому, кгдыж нас есть так веле, которые можем тебе повезать, давшы тобе самому молитву".
Ясная справа, што поп пабег скардзіцца ў магістрат, але там абмежаваліся занясеньнем яго скаргі ў гродскую кнігу.
Карацей, з тых час папы па хатах палачанаў учашчаць перасталі, а сваім рамяством сталі займацца пераважна за манастырскай агароджай.



Полацк, гісторыя

Previous post Next post
Up