Лёд і бацька

Jan 10, 2016 18:28

Мароз заўважна спадае. Такое ўражаньне, што неўзабаве праявіцца адліга. І такое надвор'е акунь ня вельмі любіць. Гэтыя акалічнасьці мы лаканічна абмяркоўваем з бацькам на лёдзе прыгажэннага ляснога азяра. Пакуль п'ем гарбату з тэрмасу. Кілаграмы па два паласатых ужо набудавалі, але ж мала, мала... Апетыт, сам ведаеш, прыходзіць у часе рыбалкі.
Сумесныя выправы з бацькам ёсьць нечым большым, чым проста рыбалка, паход па грыбы ці журавіны. Маўклівая, але моцная і трывалая повязь "бацька - сын" ператварае такія выправы ў шчыраваньне без словаў, у суладзьдзе без музычнага ладу. Гаворым зусім мала. Па справе. Хіба ў дарозе пара-тройка кароткіх гісторый. А на лёдзе асабліва і не да размоў. Краем вока цікуеш за бацькам - як там справы? Ён таксама паглядае ў твой бок час ад часу. Калі ў кагосьці рыба пачынае кляваць занадта актыўна, даюцца знакі: "Давай сюды! Хутчэй, хутчэй!" На больш улоўнае месца бацька кліча сына, сын кліча бацьку.
І раніцай хацелася, каб бацька абавязкова налавіў рыбы. Толькі б не пусты дадому! Бо на гэтае азяро заманіў яго я. І была б мне няслава. Працэс пайшоў. Я супакоіўся. Але, калі выцягнуў ладнага гарбыля, дзінькнула, бліснула недзе ў глыбінях сьвядомасьці абсалютна шчырае і дзіцячае жаданьне: каб падыйшоў і пахваліў тата... Бо я сын, а ён мой бацька. І так хочацца, каб гэта было ў жыцьці да бясконцасьці, а не ў памяці, хай сабе і ўдзячнай...

лёд, бацька

Previous post Next post
Up