Сьвята, якое побач з табой

Sep 20, 2015 16:18





Сьвята, якое заўсёды побач з табой

Калі пасьля лета, ніякага на грыбы, у паветры пачынаюць лунаць чуткі пра баравічкі, масьляткі і іншую прыгажосьць, то душа наструньваецца ў салодкім прадчуваньні. Азарту дадаюць аповяды калег, якія "учора наламілі маладзенькіх абабкаў", а кантрольным стрэлам у галаву стаюць россыпы грыбоў на кірмашы...
Нядзеля. Будзель галосіць а 5-й раніцы, калі за вокнамі цемра, і хочацца спаць, спаць, спаць... Але ўнутраны голас з дапамогай экстрэмальнай лексікі выкідае заспанае цела з-пад цёплай коўдры.
У лесе толькі пачынае віднець. Птушкі ўжо не сьпяваюць і цішыня падаецца асабліва ўрачыстай. Яшчэ б! Першы раз пайсьці па грыбы ў другой палове верасьня! У паўзмроку нават фоцік бачыць толькі з дапамогай маланкі, але ўласныя вочы круцей - маладзенькія крамяныя абабкі ніяк не прапусьцяць.



Сустракаеш узыход сонца ў сасновым бары, як быццам ты ў храме. Храм - толькі для цябе, і цёплы бог вітае цябе персанальна. Нехта тлумачыць звычай людзей размаўляць у лесе ціха перажыткамі паляўнічых інстынктаў. А вось мне просіцца паралель менавіта з храмам. Выпадкова ці не, але ў лесе ў галаву ніколі ня лезуць дурныя думкі.



Развагі - развагамі, але лясны шпацыр працягваецца і не дае сумаваць. Вельмі важна пры гэтым, каб грыбоў сустракалася больш, а людзей... Лепш зусім не бачыць у лесе прадстаўнікоў homo sapiens. Справа не ў сквапнасьці - грыбоў хопіць на ўсіх (пасьля мяне)), але ў тым, што беларусы, талерантныя (о-о!), мягкія і пушыстыя ў будзённым жыцьці, у лесе на аўтамаце робяцца шчырымі соцыяпатамі. Зрэшты, на азяры, рэчцы ці на балоце з журавінамі - таксама.



Лес - проста цуд! І цуды вытварае. Скажу шчыра, што 20 верасьня я яшчэ не еў сакоўныя, салодкія, бы мёд, чарніцы.
Дзіўным чынам чарніцы ў верасьні буйнейшыя за брусьніцы. Ну, і яшчэ адна прыемнасьць - за ўвесь час, праведзены ў лесе, зьняў з сябе толькі 2-х ласіных вошай. Звычайна, гэтую колькасьць памнажаеш на 100.



Рушым далей, за прыемнай грыбной разнастайнасьцю. Калі падагульніць, то сёньня грыбы зшыхтаваліся ў наступны рэйтынг паводле сваёй масавасьці: маладыя абабкі, баравікі, масьляты, краснагаловікі. Пры гэтым, сустракаліся не роўна, а толькі ў пэўных месцах, з пэўным рэльефам і характарам расьліннасьці. Але тлумачыць ня буду, бо блогерам гэта не цікава))



Калі багі стваралі наш край, яны парупіліся не толькі пра шчодрыя дары прыроды, але і пра эстэтыку нашых краявідаў. На Полаччыне больш за 300 азёраў, і , у якім бы ты лесе не хадзіў, рана ці позна ты выйдзеш на бераг аднаго зь іх. Прыгажосьць! - ціхенька, але з унутраным клічнікам, прашапочаш.



Недзе чуў, што ёсьць людзі, якія пакутуюць на адсутнасьць апетыту. Што я магу параіць? Пагуляць гадзінкі тры-чатыры па ранішнім лесе. Да, і галоўнае - не хамячыць потым сваю сабойку на аўтобусным прыпынку, але, як мы і дамовіліся, каб усё прыгожа і эстэтна...



Лежачы пад медзянымі хвоямі, прымлеўшы ад выключна добрага настрою і смажаных кілбасак, каторы раз сам сабе паўтараеш: якое шчасьце - нарадзіцца і жыць на гэтай зямлі, дзе лес - гэта сьвята, якое заўсёды побач з табой.

верасень, лес, грыбы, Полаччына

Previous post Next post
Up