Красналучка

Aug 12, 2015 11:29




Наведаў сьвятую крыніцу ля в. Красналучка Лепельскага р-на. Упершыню пабываў ля яе ў 2008 г., а цяпер было цікава зірнуць, у якім стане знаходзіцца мясцовая сьвятыня. Што і казаць, ландшафт я пазнаў зь цяжкасьцю. На еўразьвязаўскія грошы набудавалі цэлы комплекс прыбамбасаў, якіх раней і блізка не было. Вырылі купальню (пад шыферам), бо цяпер гэта модна - змываць сьвятой вадой ня толькі твар, але і грэшнае цела. Побач паставілі распраналку, а можа проста перанесьлі з пляжу, бо адрозьніць цяжка па прычыне адсутнасьці на буданіне крыжоў і іншых пазнак сакральнасьці.



Вядома, паставілі і капліцу, якая нагадвае царкоўны шапік па продажы адпаведнай атрыбутыкі для вернікаў як праваслаўнай, так і каталіцкай канфесій. І ўсё такое новае, бліскучае, а вось вока чамусьці не радуе, як еўрарамонт у вясковай хаце.



Даволі гарманічна адпавядала настрою і жаба сапраўдных вядзьмацкіх памераў - адзіная купальшчыца ў сьвятой купелі.  Магчыма, я проста стаў стары і занудны, не рублю больш фішку ў асаблівасьцях добраўпарадкаваньня вясковых сьвятынь, але я памятаю сваю першую сустрэчу з гэтай крыніцай - жывой, сапраўднай, шанаванай без усялякага налётнага папоўскага лоску. Бо сьвятасьць вады не вымяраецца колькасьцю лубачных карцінак з бліжэйшай царквы. З другога боку, чалавечая бузгустоўнасьць таксама не можа сапсаваць сьвятасьці, хіба сапсуе толькі мой настрой.


экспедыцыя, Лепель, сьвятая крыніца

Previous post Next post
Up