На мяжы

Jul 28, 2015 20:20




Забраны край

У розных культурах, у розных народаў катэгорыя "мяжа" надзяляецца процьмай сэнсаў і сімвалічных значэньняў. Але лекцыю пра семантыку мяжы я прачытаю за невялікую плату другім разам. А тут усё прасьцей: ехалі мы дарогаю, пакуль не спыніліся на пункце памежнага кантролю і не заўважылі цудоўны знак. Стэла з "цыбулінамі" і "яйцамі" званоў, напэўна, мусіла пераканаць падарожных людзей, што трапляюць яны ў краіну высокай духоўнасьці і рэлігійнасьці пад ценем двухгаловага арла.



Калі вы пачуеце міф пра тое, што за беларускай мяжой жытнія палеткі рэзка сканчаюцца, а на расійскай старане пачынаецца маляўнічы хаос, увасоблены гектарамі баршчавіку - паверце міфу, бо гэта акурат той выпадак, калі міфы праўдзяць. Ні жыта, ні яменю з аўсом, ні рапса з кукурузай на палях паміж расійскімі вёскамі я не заўважыў. Праўда, вяскоўцы даволі спраўна даглядаюць свае сядзібы і гароды, там-сям яшчэ можна напаткаць статак кароў і пакосы, што выгодна адрозьнівае смаленскае памежжа, ад пскоўскага, дзе быльнёг падступае пад вокны хат. Адсюль і смутнае захапленьне "беларускім парадкам", якое даводзілася чуць паўсюдна.



Маршрут наш пралягаў па вёсках былога Аршанскага павету, якія забралі ў 1918 г. і чамусьці забыліся вярнуць. І хоць у Беларусь ніхто не прасіўся, жаданьне далучыцца да РБ не выказваў (ляпнеш такое і трапіш пад артыкул аб парушэньні тэрытарыяльнай цэльнасьці), але настальгія ў вачах гаварыла лепш за словы. Нават у тых, хто тыя словы і прамовіць ня можа, адно толькі прыемнае вуху "МяЎ".



І хоць прыехалі мы на колішнія беларускія землі з цікавасьцю фальклёрна-этнаграфічнай, але прыходзілася спатыкацца на "духоўныя скрэпы", якімі так ганарыцца цяперашняя Расія. Часам, гэтыя "скрэпы" былі матэрыялізаваныя абсалютна дзівосным чынам: пахіленыя крыжы на былым касьцёле, пераробленым у праваслаўную царкву і бальшавіцкі сьцяг побач. Такі калаж можна назіраць у в. Мікуліна, што мае даўнюю і слаўную гісторыю, калісьці належала роду Агінскіх і вядомая сваёй цудадзейнай крыніцай Пяцінкай.





Зрэшты, "скрэпы" могуць мець і ніцшэанаўскі каларыт. Суворыя, непадступныя абліччы юнакоў невербальна патлумачаць, як трэба ставіцца да "піндосаў" і "гейропы", ну і ўсё астатняе, што трэба ведаць пра дзяржаўную прыналежнасьць Крыму.



Панізоўе - колішні райцэнтр, а цяпер спусьцелы, здэградаваны пасёлак - сустрэла нас недаверліва. Бабуля, з якой мелі размову, праз некаторы час падыйшла да нашай машыны і папярэдзіла, што яе ўжо распытваюць пра "нежелательных людзей". Навязвацца мы ня сталі, затрымлівацца - таксама, хіба заскочылі ў мясцовы гандлёвы комплекс.



Зьнешні выгляд і інтэр'еры гандлёвай установы шчыра пераканалі нас у тым, што праграма імпартазамяшчэньня ідзе ў Расіі поўным ходам, і ніякія санкцыі не паставяць расіян на калені. Прывабны клімат гандлёвага комплексу даводзіў, што інвестарам тут заўсёды радыя.



Далібог, аглядаць гэтую разруху не было ніякай асалоды, зларадства таксама не было. А вось прытоеная крыўда на тое, што ладны кут Беларусі папрост зьнік і зьгібеў у гэткім замежжы, усё ж тачыла мозак. Толькі на каго крыўдаваць? На суку-гісторыю? Гэта нават ня сьмешна...
Засмуты дадавалі і прыгажэнныя краявіды, дзе цяперашняя прысутнасць людзей выглядае, хутчэй, дэструктыўнай недарэчнасьцю. Хіба толькі адно супакойвала: маляўнічая Касьпля бяжыць у Беларусь, каб там, у Суражы спаткацца з Дзьвіной.



Бальсанам на душу былі размовы са старымі людзьмі. І сіло накінутай штучнай  мяжы прападала, як толькі бабулі пачыналі гаварыць сваёй (нашай!) сакавітай мовай. "А раньшэ куцьцю варылі с пашаніцы. Яе ў лёккі дух паставіш - яна мякенькая такая дужа. Пашаніцу вымыеш чысьценька, ну, як раньшэ, былі такія ступы, таўклі во. Яе абтаўкеш, шалупекі гэтыя. Паставіш у печ, у лёгкі дух. Яна дужа, дужа разварыцца, укусная, мяккая"; "Хадзілі на Пяцінку кажны раз. У калхозі ж нам выхадныя не давалі, усё работалі. Дык мы, бывала, з брыгадзірам ладзім, і тады ён нам кідаець: сяньні кінець сколька сотак, заўтра... Касілі мы. І каб нам прагулу не было, а то ж накажуць. Служэньне было бальшое, і народу дужа многа. І тады кругом цэрквы абыйдуць і ідуць на крыніцу. Крыніцу тую пасьвяшчаюць, папы пяюць... І тамачка ужо тады, у савецкую ўласьць, трактарысты сагласіліся закапаць крыніцу тую бульдозерам етым. І закапалі. І што ты думаеш! Увесь скот у яго падох! Тады хадзіў адкапываў са сваёй сям'ёй".

Свае гавораць са сваімі, на сваёй мове і  пра сваё, і гэта той выпадак, калі рэальная мяжа ператвараецца ва ўмоўную катэгорыю...

экспедыцыя, мяжа

Previous post Next post
Up