Apr 02, 2015 21:29
Ёсьць такое меркаваньне, даволі шырока распаўсюджанае, што кожная сьвятая крыніца - помнік дахрысьціянскіх часоў. Насамрэч, прыходзіцца сутыкацца з сітуацыяй, калі свой сакральны статус крыніца атрымала ў апошнія дзясяцігоддзі. Часта ініцыятарамі стварэньня выступаюць праваслаўныя сьвятары, бывае, што і мясцовае жыхарства. Паказальна тут толькі тое, што ментальны вобраз крыніцы, як месца сакральна вылучанага, ёсьць вельмі архаічным. І лакальная супольнасьць пачынае шчыра верыць у сьвятасьць "свайц крыніцы" ўжо праз пару гадоў пасьля яе асьвячэньня. Праўда, можа не абыходзіцца без канфлікту са старажыламі, якія выдатна памятаюць абсалютна прафанны характар з'яўленьня крыніцы.
- А што ёсьць сьвятая крынічка ці сьвятая вада, ці праўда?
- Ня слухайце нікога! Усё пізьдзяць! І ў гэты газеты пішуць, што “сьвятая крынічка”… А я ж старая, мне ўжо 81 год. Немцы адступалі… Мы бралі ваду з озера, насілі. А тады там немцы з танкамі стаялі. А знаеце, немцы - яны разумныя людзі. Выкапалі ямку, палажылі трубачку і вот вада ішла па балоту. Ну здзелалі такі калодзец і бралі, і пілі. І нашы мальцы тады паставілі бочку і трубу, і вада з балота ідзець - ключы ў балоце. І ходзім браць - добрая вада. А тады поп прыхадзіў сюды маліцца, паставілі крэст. Гэта з Баравухі поп, ну і там ягоныя служашчыі. Дык ён тады на Купалу асвяшчаў. І там крэст стаіць, і цераз крэст вада ідзець. І вот прыдумалі, што гэта сьвятая вада. У газетах пішуць. Ну якая яна сьвятая вада?
Запісана ў Полацкім раёне
традыцыя,
Полаччына,
сьвятая крыніца