Mar 10, 2015 13:52
Ужо даўна зацікавіўся антрапалогіяй вайны. Характары, эмоцыі, рэакцыі людзей, іх здольнасьць на геройства, здраду, дапамогу, іх уяўленьні пра добрае і дрэннае, сваіх і чужых, нячыстае і сьвятое ў часе вайны, а тым больш працяглай акупацыі, высьвечваюцца асабліва ярка. У гэтым сэнсе, нядаўнія кніжкі пра вайну (Туронак, К'яры, Бартушка і інш.) мяне слаба цешаць, бо падобныя на сухія палітычныя пракламацыі з рознай валентнасьцю.
Як этнограф-палявік з 20-гадовым стажам, я пачаў не з архіваў. Дзе б ня быў на Віцебшчыне за гэтыя гады і якой бы крыштальна-чыстай этнаграфіяй (міфалогія, святыя крыніцы, народная медыцына...) не цікавіўся, тэма вайны вылазіла скрозь. У розных варыяцыях, адценьнях, вельмі часта - сьлёзах. І было зразумела, што менавіта вайна храналагічна пераламіла храбціну ХХ стагоддзя па-за ўсімі каляндарамі: формула "да вайны" і "пасьля вайны", для тых, хто яе перажыў - універсальная мерка асабістага і сусьветнага часазьлічэньня...
Матэрыялу сабрана шмат. І ёсьць задума на вялікі тэкст пра "сваіх" і "чужых" у часе акупацыі. Але тэкст, напэўна, будзе страшны па сваім зьмесьце. Бо "свае" маглі станавіцца жывёламі, горшымі за акупантаў, а "чужыя", абсалютна нечакана, маглі праяўляць нечуваны гуманізм. І ўсё гэта на тле палаючых вёсак, карных аддзелаў СС, партызанскіх атрадаў, якія маглі ратаваць, а маглі ператварацца ў "кароўнікаў" і забіраць з хаты апошняе.
Мяне засьцерагаюць ад напісаньня тагога артыкулу. Маўляў, не час, не ў нашай краіне, але ў аўдыяфайлах гучыць жывыя галасы бабуль, якія перажылі той крывавы замес, паставілі сваіх дзяцей на нагі і хутка пойдуць у лепшы сьвет. Жывыя галасы беларускіх бабуль - самы справядлівы цэнзар, усё астатняе - гарадскі пыл.
свае,
вайна,
чужыя