Пасьля галаваломнага шаленства сэсіі ціхія і каларытныя вулачкі старога Пінска падаліся прадмесьцем зямнога парадызу. Пінчукі, як і большасьць месьцічаў павятовых гарадоў, увечары амаль зьнікаюць з вуліцаў, што дазваляе застацца сам-насам з местам.
У старым Пінску вельмі гарманічна спалучылася архітэктура ХІХ - пачатку ХХ ст. і міжваенная польская. Цывільная забудова вылучаецца кампактнасьцю і зграбнасьцю формаў і, на шчасьце, не зазнала вялікіх стратаў у апошнім стагодзьдзі. Блукаць па такіх вулках - шчырае задавальненьне!
Асаблівасьці палескага ландшафту прывучылі тутэйшых аддаваць перавагу рацэ, а не дарогам і вуліцам. Не дзіва, што найбольшую канцэнтрацыю месьцічаў давялося назіраць менавіта на ўзьбярэжжы Піны. Зьдзівіла, што сярод рыбакоў роўна палову складалі жанчыны.
Мураванае хараство можна было аглядаць нават з вакна гатэлю, пад якім акурат разьмясьціўся шыкоўны палац пінскага старосты Бутрымовіча, пабудаваны ў канцы ХVIII ст.
Але прыемнае ўражаньне ад архітэктурнай скарбонкі Пінска было троху сапсавана татальнай рушчызнай, што панавала ў назвах старадаўніх вуліц і вонкавай рэкламе. Зрэшты, я перакананы, што гэта з'ява часовая.
Разьвітаўшыся з гасьцінным Пінскам, мы выправіліся ў палескую вёску, каб убачыць сапраўдных палешукоў ва ўсёй красе, але пра гэта напішу наступным разам.