Ulaslovy

Dec 07, 2013 15:44

1987

Нармальны малец, такіх вельмі шмат навокал,
У школе меў нават “прыводы” дзеля пабітых вокнаў
А потым - пабітых твараў. І мама плакала, калі яго забірала
З аддзяленьня міліцыі, а дома бясконца  ўжо паўтарала
Пра крывую дарожку, пра добрых людзей, якім сорамна ў вочы глядзець
Плакаць пераставала, калі за вакном пачынала днець
А ён засынаў за кніжкай пра абарыгенаў Аўстраліі
І заўтра маме дарыў у гаршэчку азаліі…
Вяртаўся бацька з рэйсу далёкага, цяжкага,
“Усё выдатна” - казалі ўсе зь лёгкай нацяжкаю
Тады сьмяяліся, абдымаліся, амаль урачыста абедалі
Сястра спрабавала “здаць”, але ня ведала як і калі
Двор. Сябры. Жыгулёўскае піва ў вялікім пакеце
Дробязны рэкет - на брата па цыгарэце
Анекдот пра Горбачова і голых баб
У Лук’яна адкінуўся з “зоны” брат
Пра “прыгожую палову” абмеркаваньні-размовы
І тут можна хлусіць паводле ўмовы
Але не празмерна - наколькі дазволяць юнацкія сны
Гэтай, пятнаццатай зь ліку вясны.

cловы, школа

Previous post Next post
Up