Гісторыя пад нагамі

Aug 25, 2008 17:49



У пошуках самай даўняй гісторыі
        Жаданьне ўстарадаўніць гісторыю роднага краю цалкам зразумелае. Безумоўна, розныя пачуцьці маеш, калі ляжыць на далоні крыўская фібула і булаўка ХІХ ст., калі глядзіш на барочны храм і трафарэтную “мураўёўку”. Даўжыня гістарычнай дарожкі - прадмет гонару кожнага народа, бо вядзе тая дарожка не ў падзем’е мінуўшчыны, але на нябёсы - у Залатую эпоху першастварэньня, калі людзі былі роўныя багам і разам зь імі парадкавалі сьвет. Усё, што адбылося ў гісторыі, - спраўдзілася, а значыць, з’яўляецца сапраўдным. І кожны народ скурпулёзна лічыць усе свае стагоддзі, дзесяцігоддзі і гады сапраўднасьці. Чым больш - тым лепш. Вось чаму ўсе еўрапейцы з прыкметнай доляй скепсісу і недаверу паглядаюць на зухаватыя спробы амерыканцаў-маладзёнаў сьцвердзіцца ў прасторы і часе ды перайначыць гісторыю. Хаця б і сучасную.
        Нашыя краязнаўцы таксама ня сьпяць у шапку. Кожны сапраўдны краязнаўца лёгка, з мноствам доказаў на руках, давядзе, што яго раён (край, ваколіцы) ці ня самы слаўны на пуцявінах гісторыі. Але, часам, паляваньне на старажытнасьць набывае фармат бяздумнага, хмяльнога браканьерства, калі ў выніку застаецца толькі страшны бадун і разьведзеныя рукі, што мусяць паказаць цікаўным памеры ўлоўленай гісторыі.
Забаўна знаёміцца з кнігамі “Памяць”, асабліва, калі знаходзішся ў экспедыцыі, а назва раёна, дзе ты бадзяешся штодня, супадае з назвай кнігі. Чашніцкі раён. “Памятныя” аўтары нязмушана даводзяць чытачам, што на могілках раёна зафіксавана 23 каменных крыжа ХІІІ-ХVI стст. (!). Чым ня фішка? Які яшчэ раён такім пахваліцца? Вось толькі ПЕРАВАЖНАЯ большасьць каменных крыжоў на могілках Чашніччыны належыць ХІХ стагоддзю. Праўда, колькасьць іх значна большая - толькі на маім фотаапараце іх адбілася больш за 40.
        Але гэта яшчэ што. Вось віцебскія аператары турыстычнага даеньня разам з расонскімі калегамі прыдумалі замануху куды круцейшую, ад якой аматары паганства і магічных практык мусяць упадаць у даўгатэрміновы транс. Бо нават і мае вочы шырока расплюшчыліся, калі я прачытаў у буклеціку, што на адных вясковых могілках Расоншчыны “под шатром сосен находится группа каменных крестов языческой эпохи”.
        Прыклады можна множыць, але іх усе аб’ядноўвае элементарная непісьменнасьць і недасьведчанасьць аўтараў падобных “сенсацый”. Каменным крыжам і курганам, замчышчам, гарадзішчам і храмам не патрэбная такая сумніўная слава. Ім патрэбная нашая ахова ад бяспамяцтва, бо за імі унікальнасьць - прысутнасьць на нашай зямлі, дзе яны стварылі адметны і непаўторны культурны ландшафт. Сьпекулятыўныя датыроўкі нічога не мяняюць. Мяне, напрыклад, больш уразіў не рэальны крыж ХVI ст. з памінальным вязьмом словаў, а каменны крыж, якія чалавек высек і паставіў па сваім бацьку ў 1966 г. Ці архаічны крыж з верхняй паўсферай, што быў старанна выбіты пад датай “1920”. Што тут такога? “Такога” - нічога. Толькі Традыцыя, якая бярэ свае вытокі ў Залатой эпосе, тарнуе нашую гістарычную дарожку і дагэтуль жыве ў нашых бацьках, у табе і ва мне. Асабліва, калі нашыя вочы сустракаюцца.

традыцыя, краязнаўства, гісторыя

Previous post Next post
Up