Чарніцы

Jul 27, 2013 14:08




Моўкнасьць чарніц
Так атрымалася, што сёньня ў лес паехалі без жанчын. Маці, сястра, жонка засталіся дома, а па чарніцы паехалі мы з бацькам і сынам. Браць ягаду - занятак не зусім мужчынскі, зьбіраць чарніцы - тым больш. З усіх беларускіх ягад чарніцы - самыя цяжкія, самыя моўкныя. Вясёла струмяняць брусьніцы ў вядро, гучна тахкаюць буйныя журавіны - зьбіраць іх радасна і лёгка. Не пасьпеў стаміцца, а вядро ўжо паўнюткае. З чарніцамі інакш. Чорная ягада бярэцца ў цішыні і падае нячутна. Маўчыш і ты, не чуваць ні бацькі, ні сына. Але гэтая цішыня яднае больш, чым гамана за сьвяточным сталом.
Унук, бацька і дзед зрэдку гукаюць адзін аднаго, але не з боязі згубіцца. Родны голас у моўкнасьці чарніц - знак і тваёй прысутнасьці. Усё больш крывавеюць пальцы ад ягады, паціху-патроху напаўняецца вядро, а на душы сьветла і радасна, як быццам тры пакаленьні лабачоўскага роду высьвянцілі гэтую прыгожую лясную дзялку на фамільны храм. Без усялякіх словаў, калі навокал толькі моўкнасьць сьпелых чарніц...
27.07.13

лес, род, чарніцы, сын, бацька

Previous post Next post
Up