Пра маленькія цуды на Каляды

Jan 09, 2023 23:59

Каб крыху разбавіць вашыя ленты навінаў, запішу тут такую гісторыю.

Дзесьці за тыдзень перад каталіцкім раством насыпала літаральна горы снегу, так што тут у нас усе ахвочыя каталіся і на санках, і на цюбінгах, і нават на сноўбордах.
Потым снег паволі то таяў, то падмярзаў, і вось дакладна пасля Раства Чэры нешта зацікавіла ў сугробе,я падышла паглядзець, каб яна там нічога не жэрла, і заўважыла побач на белым снезе белую каробачку эплаўскіх навушнікаў. Яны там ляжалі відавочна ўжо некалькі дзён, але пакідаць было шкада, таму я падняла і да канца прагулкі трымала у далоні,каб яны адтаялі. Праз паўгадзіны мабыць атрымалася адчыніць.
Лямпачка ўнутры свяцілася, але ж як я не карыстаюся яблыкавымі гаджэтамі, то нават.зарадзіць было нечым.

І тут так атрымалася, што праз дзень была магчымасць перадаць іх у Мінск. Напісала брату, адправіла. Там гэта заняла крыху больш часу, але пасля новага году брат іх нарэшце забраў,зарадзіў і ўключыў. Апынулася, што яны працуюць нават пасля размарозкі! Да таго ж, у назве прылады высвеціліся імя і прозвішча дзяўчыны. Глянулі на фэйсбуку: адно супадзенне, Вільня, украінскі сцяжок на аватарцы ды фота са сноўбордам у ленце. Напісалі. Дзяўчына нават не паверыла ў такі цуд 8))
І зноў літаральна праз дзень была магчымасць перадаць іх назад. І вось гэтым разам на праваслаўнае раство навушнікі прыехалі зноў у Вільню. А сёння мы нарэшце сустрэліся з дзяўчынай і аддалі ёй навушнікі. А Чэры атрымала свой цалкам адпрацаваны бонус 8)



Жадаю ўсім маленькіх і вялікіх цудаў 8)

photos, сабака, глюки

Previous post Next post
Up