Чэрвень скончыўся, а ў мяне няма ніякіх білетаў на наступны год. Нешта не так %)
Пакуль тут не-каранцін, межы зачынены, вырашылі скарыстацца добрым надвор'ем і скатацца ў кітайскі парк, даслаць колькі паштовачак з
нядаўна адчыненага аддзялення.
Мы ўжо не першы раз збіраліся, але ўсё нешта перашкаджала. То надвор'е псавалася, то ў мяне не было часу застацца потым на ноч (бо за адзін дзень 80 км да лецішча і 30 да кітайцаў - цяжка 8)), то ровар не ехаў... Але тут нарэшце ўсе зоркі сышліся, знайшлася добрая нагода, трэба было ехаць.
Увечары падрыхтавала паштовачкі, набытыя ў доўгай чарзе ў сымбальбай 8)
Зранку яшчэ раз паглядзелі прагноз і такі паехалі.
Маршрут цікавы тым, што большая частка ідзе па былой вузкакалейцы. Таму мы спадзяваліся, што нават калі там усё заліла, то на гэтым кавалку мы будзем усё ж вышэй за ваду 8)
Як заехалі ў лес, даводзілася часцей пытаць навігатар 8)
Я карысталася паўзамі, каб рабіць сэлфі %)
Калі нарэшце знайшлі вузкакалейку, ехаць стала прасцей, таму гэтая частка прайшла амаль незаўважна. Далей фарсіравалі рэчку 8)
Дарэчы, даволі прыгожую 8) Добра, што месца, відаць, папулярнае, таму там зроблены даволі надзейны мост.
Вядома, лужыны ўсё ж трапляліся, але не такія страшныя, каб не праехаць (або пару разоў прайсці 8))
Крыху папрыгалі па нейкай паласе перашкод)) І вось яна - дарога ў той самы парк. Нават светлафоры недзе там на гарызонце працуюць! 8)
Але не ўсё так проста! Я загадзя спытала ў суполцы пасткросераў адрас, мне адказалі. Дружная 1. Але на ўсіх мапах і на мясцовасці былі толькі Мінскі праспэкт, Пекінскі праспэкт і Сапфіравая вуліца, якую мы праехалі ўздоўж і ўпоперак, ужо глядзець на яе не маглі 8))
Затое знайшлі той бар "Офицер", дзе бацька з суседам пілі піва мінулым разам, калі вось так жа на роварах шукалі дарогу. Спадзяваліся і ў гэты раз там адпачыць, бо было ўжо даволі спякотна. Але ж высветлілася, што ён з красавіка зачынены!
Паехалі зноў на Сапфіравую, заўважылі там працуючых мужчын славянскай знешнасці, запыталі ў іх, ці няма тут дзе пошты. Ні пра пошту, ні пра вуліцу Дружную яны не чулі. Адзін сказаў, што зараз усё знойдзецца ў навігатары. Але ж там быў той жа набор вуліц, што і ў нас. Другі пазваў кітайца, які "разумее па руску, можа ведае", але той таксама не дапамог.
Мы ўзгадалі, што акрамя вуліцы было пазначана "першы пад'езд жылога дому", тады нам паказалі прыблізны накірунак, дзе ёсць жылыя дамы 8))
Прыехалі амаль туды, адкуль пачыналі, вырашылі праверыць невялічкую ці то вуліцу, ці то праезд. Жылых дамоў не было, але нечакана паміж зачыненых будынкаў знайшоўся амаль што бар, у якім было шмат людзей (і напэўна, піва таксама 8)) Спыталі пра пошту - і тут пра яе ведалі! Адзін нават выйшаў, каб паказаць нам, дзе знаходзіцца патрэбны дом.
Яшчэ хвілін пяць, і та-дааааам! 8)
Супрацоўніца пошты нам нават узрадавалася. Паўгадзіны да перапынку, і нарэшце першыя кліенты (мабыць і адзіныя за дзень 8)) Таму мне і маркі прадала, і клей з нажніцамі прапанавала, і нават штамп, дзеля якога ўсё планавалася, дазволіла забраць у куток, каб зрабіць там фота 8))
Наліла свежую ваду ў бутэльку, зрабіла яшчэ сэлфі...
І паехалі назад. Паміж паркам і лесам быў вось такі крыху постапакаліптычны мост.
Ну як тут не зрабіць атмасферных фота 8)
Зноў рэчка...
Пераправа...
І лужыны 8)))
Зноў вузкакалейка, на якой я рабіла двуххвіліннае відэа "на Оскар" 8)) Пасля яе вярталіся больш роўнай дарогай разам з машынамі, бо ехаць зноў "дварамі" па пяску было ўжо неяк ляніва. Верагодна, гэта ўсё з-за зачыненага бара і адсутнасці піўной порцыі калорый 8)
Увечары яшчэ паспелі пакаштаваць суседзскія грыбочкі і лікёр, а ноччу быў мясцовы апакаліпсіс)) Раніцай было неяк так 8) Вельмі своечасова мы паспелі праехаць да кітайцаў у суботу. У нядзелю, пэўна, палова дарогі знікла 8))
Але ж гэта зусім іншая гісторыя, а вам вось яшчэ крыху прыгажосці з гэтых выходных 8)
Ну і свежанькае каранціннае сэлфі. Прывітанне, ліпень 8))