Свята-17

May 10, 2017 20:35

        Праходзіў учора паўз людзей, што красаваліся на плошчы Свабоды з кветкамі ў руках, з чырвона-зялёнымі і паласатымі стужачкамі на грудзях. Сумна зрабілася, бо прыгадаў, як упершыню азіраў з бацькавых плячэй святочную калону маладжавых аднавяскоўцаў. Як не ўва ўсіх іх ззяў, акрамя баявых, і першы пасляваенны юбілейны медаль. Было гэта аж у 1965-м. Людзі тады радаваліся непадробна. Што перамадзелі неяк ліхалецце і не апынуліся ў ліку тых 20 мільёнаў, якім не пашчасціла. Што жыццё наладзілася - шафы вунь фабрычныя ў хаты пакуплялі, а Дзям'ян і Кузьма нават па "Волхаву" з Мінску прытарабанілі і цяпер у іх пяцісценках палова Бугаёўкі вечаруе, гарадскімі "карцінкамі" разгаўляецца. Свята было жывым, запатрабаваным, а не абстрактным, як цяпер, калі ўжо не засталося не толькі ветэранаў, - удзельнікаў на пальцах лічым. Перанасычаныя відовішчамі гараджане звыкла ідуць на парад калі не па прымусу, то з-за таго, што "трэба". Каму - 41 мільёну 979 тысячам ахвяраў ТОЙ вайны? Наўрад ці. Ды і мне яна не патрэбна, паказуха. Мне дастаткова вось гэтага фота, што стаіць перад маніторам, каб памятаць і пра бацькоў, і пра вайну, якую ім нейкім чынам удалося перабедаваць.


памяць

Previous post Next post
Up