Oct 02, 2016 22:19
Добрая нядзелька была, негулебная. Зяці з жонкамі прыязджалі. Таксама рабілі, а не ў свістулькі дзьмухалі. Старэйшыя дык і ўнука дзеду з бабай паказалі. Той так абкарміў карасямі Асю з Касяй, што меншая абдрыстала як не палову двара. Вудак смаркаты. Пяць гадоў толькі праз тыдзень, а высцёбваецца на ўсе шэсць. Вось што значыць - бацькі не настаўнікі.
Дню настаўніка прысвячаецца:
ДЫСЕРТАЦЫЯ
“Вось і ўсё. Патрапіў мурза ў студню, - горка падумалася вартаўніку Андрэю Платонавічу, калі ён пасля абыходу тэрыторыі ўбачыў побліз дзяжуркі “BMW” начальніка аховы. Рэч у тым, што на стале дзяжуркі ляжала раскрытая тэчка з тэкстам дысертацыі. Чужой. “Хаця не спаліў бы, - прабегла думка. - Што скажу тады Віктару?..” Кандыдацкую слёзна прасіў адрэдагаваць калега Андрэя Платонавіча па былым месцы працы.
Вартаўнік увайшоў у пакой дзяжуркі з загадзя апушчанай галавой. Начальнік аховы, які навісаў над сталом цэнтнерам былых мышцаў, уперыўся сталёвымі вачыма ў пераноссе падначаленага:
- Што гэта? - з вылучэннем кожнага слова запытаўся.
Андрэй Платонавіч ціха праказаў:
- Дысертацыя. Па эканоміцы.
- І якога д’ябла яна робіць у рачным порце?
Вартаўнік панура паціснуў плячыма:
- Вычытваю. Праўлю. Дапамагаю таварышу.
- Ну не, вы бачылі, на што траціць працоўны час таварыш Гаварчук?! - найграна-здзіўлена ўсклікнуў начальнік. - Ён не аховай аб’екту займаецца, а ізбу-чытальню на ім адкрыў. Прыходзьце, людзі, выносьце, што на вочы ляжа, а заадно і адукацыю сваю павышайце. Цьфу. Ладна, слухай сюды, Гаварчук. Цыдулкі гэныя канфіскоўваць я не буду, але вымову ў загадзе мы табе намалюем. Якая там яна ў цябе? Другая? Значыць, яшчэ адзін залёт і пойдзеш ты назад у сваю хабзайню дзецям мозкі паласкаць.
Ён гучна пляснуў тэчкай аб стол, павярнуўся да дзвярэй і забубніў сам сабе:
- Блін, заракаўся ж не браць на працу ні мянтоў адстаўных, ні гнілапузых інтэлігентаў. Нікчэмныя ж чалавечыкі, не ўмеюць рабіць па-людску нічагенькі, а гонару, гонару, усё б ім пальцы веерам раскідаць…
Грымнулі дзверы. Андрэй Платонавіч з палёгкай уздыхнуў.
sm