У зімовага адпачынку ёсць свае перавагі перад іншасезоннымі: ты маеш больш часу, каб пагаварыць з сабой мінулым (гэта пры ўмове, калі ўсё ж не з'ехаў грэць dupu ў якую-небудзь Эфіёп-пію, а застаўся марозіць яе каля Дняпра, як, напрыклад, я).
Перабіраю бібліятэку. Амаль кожная кніга абуджае ўспамін, не спяшаецца пакідаць рукі.
Сёння адшукаў на гарышчы некалькі сваіх юнацкіх дзённікаў, якія перастаў быў ужо і згадваць, думаючы, што іх даўно "спасцігла доля злая".
Сярод іншага я занатоўваў у іх і вершы. Ну, творыкі, як на цяперашні густ, вядома, так сабе, але сёе-тое выстаўляць "на людзі" можна.
Першым просіцца верш з прысвячэннем "Н.А." І зусім невыпадкова: мілая жанчына, якой ён быў (і ёсць) прысвечаны, адшукала мяне на прасцягах фэйсбуку два тыдні таму (праз амаль 37 гадоў пасля нашай апошняй сустрэчы на школьным выпускным). Расшыфроўваць прысвячэнне не буду: калі яна захоча - "расшыфруе" сама.
***
Н.А.
Я не маліўся на цябе -
мая любоў была някідкай,
прыземленай і хваравітай,
нібыта коцік на вярбе.
Я не рабіў табе зусім
адчайна-ўзвышаных прызнанняў
у вечнай вечнасці кахання,
якіх хацелася усім...
Нас разасобіла жыццё.
І вось цяпер, ужо дарослым,
я зразумеў, наколькі ўзнёслым
было былое пачуццё.
9.09.1980.
У той час я сапраўды бачыў сябе дарослым (19 гадоў як-ніяк), хаця знешні выгляд і дзеі гаварылі крыху пра іншае: