Вуда

Dec 24, 2013 22:04



Учора хадзіў дзядком-гарбунком па лёдзе кар'ера і ўсё цытаваў грузіна з даўняга анекдота: "Адын! Адын! Сапсэм адын!.." За дзень гэтую мясціну не наведаў ніводзін рыбак.

Да адзінаццаці я сваю акунёвую "норму" дабраў, таму вырашыў праведаць абурэлых ад бясконцага гультайства сабак ды паганяць іх вакол вадаёма. Вядро, вуда і бур засталіся, зразумела, там, дзе "прылядняўся" напрыканцы.

Паганяліся, перадыхнулі, перакусілі. Я вярнуўся на лёд і, калі зірнуў на лунку, бліз якой пакінуў вуду, шкадобна ўздыхнуў: маёй вернай "балалайкі" не было і знаку. Пахадзіў кругамі, пахадзіў ды і махнуў рукою: давядзецца цяпер выбіраць нешта падыходнае з таго дзясятку "драчылак", што гадамі валяюцца ў шуфлядах і скрыні.

Цэпнуў вядро, падхапіў бур і пацеляпаў да берага. Прайшоў нешта метраў 7, ну хай 8 і - СТОП! Пад лёдам аранжавеў хлысток маёй танненькай дарагой "балалайкі".

Вуду, канечне, я выцягнуў. Спёр яе 300-грамны акунь, які потым доўга за нешта абураўся на мяне, пляскаючы па лёдзе хвастом і зеўраючы зусім не страхотнай пашчай.

Ах, каб хто ведаў, як стала лёгка на душы!..

рыбалка

Previous post Next post
Up