Dec 24, 2013 20:48
Загарнуў апошнюю старонку раздзела паэзіі 2-га нумару "Новага замка".
Агульнае ўражанне: у асноўным "роўныя" вершы. У неасноўным - ёсць з чаго і хмыкнуць.
Перачытаў адно нізку Юркі Голуба: сярод астатніх яна вылучаецца нявымучанай энергетыкай, небудзённай вобразнасцю, слоўцамі-"ажыўлялкамі", якія нават у дашчэнту традыцыйны верш уносяць нешта свежае ("…Калі круцілі пад вянец // Нявесту, нібы верацёнца"; "крыгі… плот паперлі з гароду"; няўклюды "след… клышаногі"). Мне імпануе, што яго Гамер "семкі лушчыць", што "У нас навалам дабраты"… Вядома, хацелася б каб дзядзька надалей абыходзіўся без "шчупака", які "хвасцішчам заехаў… сусвету па мордзе", без дрындушных трохстопна-харэічных строф з ценем сэнсу ("Ранкам адкляпаная, // Гнеўна блісне коска. // Хто шыкуе паняю - // пазірае скоса"), без… Але, як Той казаў, "хто без,.. той - хай…"
Паспрабаваў быў таксама яшчэ раз пашукаць сляды паэзіі ў нізцы Міколы Канановіча, але ўсяго толькі змог шчыра парадавацца, "Што бяроза людзям даравала // І не біла козаў па зубах", даведацца, што "Год - хадок порсткі", а "Як сыдзе хадок - будзем пэўна знаць, З чым сябе ізноў віншаваць". Дарэчы, хто б гэта падказаў шаноўнаму аўтару, што браць за эпіграф таленавітыя радкі і пісаць пад імі ніякія вершы - гэта плюха сабе самому...
Аднак жа ў гэтыя хвіліны я зусім не крытык, якому карціць хаця крыху пасабачыцца з масцітымі паэтамі, а шэраговы чытачок, што мусіць запхнуць свае нехлямяжыя заўвагі… за пазуху і толькі захоплена прыгаворваць: "Ах, ах…" Дык вось: "Ах, ах…"
Чаму нічога не сказаў пра астатніх аўтараў альманаха? Як гэта не сказаў? А ў другім радку?..
чытацкае