Танэльшчык з Дубая прапаноўвае пабудаваць танэль праз Дняпро ў Магілёве

Jan 14, 2021 02:17

The Greenwich Foot Tunnel - пешаходны танэль у Лондане, пабудаваны пад р. Тэмзай. Танэль мае даўжыню 370 м, унутраны дыяметр 2,74 м. Адкрыты ў 1902 годзе.

***
У 2019 годзе ў Магілёве гарадскія ўлады анансавалі ідэю - Задняпроўе ў раёне гасцініцы "Турыст" і новы парк у Падміколлі павінен злучыць пешаходны мост.
Але, як вядома, найлепшы мост - гэта танэль. Сам я з 2012 года будую танэлі ў розных кутках нашай планеты. Таму паспрабую паразважаць на гэтую тэму.

Дысклэймер! Да напісана ніжэй не трэба ставіцца вельмі сур'езна - гэта проста спроба паглядзець на магчымасці развіцця гарадской інфраструктуры пад альтэрнатыўным вуглом, зазірнуць за гарызонт.

***
Адлегласць ад аднога берага да іншага у Магілёве, з улікам магчымасці пабудовы стартавага і прыёмнага катлавана складае 200 м. Гэта амаль у два разы менш, чым у пабудаванага ў 1902 годзе Грынвічскага танэля. Брытанцы здолелі ў 1902 - мы здолеем у 2021!

У ідэале было б трошкі павялічыць памер унутранага сячэння. Лічу, што мэтазгодна спыніцца на дыяметры 3,0 м. Гэтага дастаткова для прахода пешаходаў у сустрэчным накірунку. І, як можна пераканацца на фота з Лондана, дастаткова для перамяшчэння ведасіпеда ці каляскі (веласіпедыстам давядзецца спешыцца).









Плюсы танэля
Па-першае,
танэль не перашкаджае навігацыі па рацэ.

Па-другое,
стратэгічнае значэнне. Усе памятаем карцінкі з гісторыі: другая сусветная вайна, масты разбураныя - камандзір батальёна Фацін фарсіруе Дняпро. Масты з'яўляюцца першай цэллю і першым аб'ектам знішчэння. Танэль разбурыць не так проста.



1944 г.

Па-трэцяе,
танэль не бачны, ён знаходзіцца пад паверхняй ракі. І знакамітым беларускім архітэктарам не атрымаецца сапсаваць сваім творам гарадскі пейзаж.



Мост праз Свіслач у Мінску: чаканні і рэальнасць (c) «Минск-Новости»

Па-чацвёртае,
гэта проста крута. Калі будзе дадатковае пажаданне - можна запусціць мініяцюрны цягнік. Тады ў Магілёве будзе сваё метро, якое будзе складацца з дзвюх станцый.

Па-пятае,
і тут я паспрабю вас здзівіць. Нам трэба не адзін танэль - а, каб два разы не ўставаць, нам трэба два танэлі праз Дняпро! Адзін, як мы і разважалі, пешаходны, а другі - сервісны. Гэта будзе танэль, у якім у будучыні можна будзе пракласці камунікацыі з правага берага на левы: вадавод, кабелі сувязі і інш. Інфраструктурныя калектары - гэта перспектыўны напрамак у будаўніцтве танэляў, які зараз імкліва развіваецца ў свеце. На правым беразе, напрыклад, знаходзіцца гарадскі вадазабор, а на левым - вялікі жылы масіў.





**
Паспрабуем накідаць Тэхнічныя параметры:
- Пад Дняпром будуць праходзіць два паралельныя танэлі: пешаходны і сервісны.
- Унутраны дыяметр абодвух танэляў - 3,0 м.
- Пачынацца танэль будзе каля помніка Воінам-інтэрнацыялістам і сканчацца на супрацьлеглым беразе Дняпра.
- Глыбіня залягання - 6,0 м ад ніжняй кропкі дна ракі.
- Глыбіня стартавай камеры (Задняпроўе) - 19 м, фінішнай камеры - 17,5 м.



- Доступ пешаходаў: па прыкладзе Грынвічскага танэля па перыметры будзе арганізавана вінтавая лесвіца, а па цэнтры ліфт павышанай грузападымальнасці - да 35 пасажыраў. Па магчымасці - выкарыстаць ліфт айчыннай магілёўскай вытворчасці.



(с) www.architectsjournal.co.uk

- Разліковы тэрмін службы танэля без капітальнага рамонта - 100 гадоў.
- Кошт пабудовы аднаго танэля - $2,323,000. Двух танэляў - $3,098,000 (эканомія за кошт маштабу і разгортвання).
- Падрадчык, вядома, павінен абірацца на конкурснай аснове. Але і ў Беларусі ёсць кампанія БелТрубаправодБуд, якая спецыялізуецца на пракладцы мікратанэляў. Героі нашага часу, адны з сусветных піянераў тэхналогіі direct pipe - яны праклалі самы вялікі ў Еўропе мікратанэль дыяметрам 1220 мм і даўжынёй 1409 м метадам direct pipe пад р. Дунай у Сербіі.



Дзе ёсць падобныя танэлі?
Прыклад 1
Кабельны калектар у Маскве пад Масква-ракой, рэалізаваны ААТ "Трансстройтоннель-99" у 2005 годзе. Працягласць танэля - 231 м, дыяметр 1,2 м. Глыбіня залажэння калектараў ад 3,5 да 7 м пад рэчышчам ракі і ад 7 да 13,5 на берагавых участках. Танэлепраходчы комплекс нямецкай вытворчасці Herrenknecht AVN-1200.



Стартавая камера глыбінёй 17 м і габарытамі 6 м па восі танэля і 8 м шырынёй падубаваная з прымяненнем бурасякучых свай (secant pile wall) дыяметрам 630 мм.
Падрыхтоўчыя працы пачаліся ў пачатку лютага 2005. Будаўніцтва камер, праходка двух мікратанэляў па 230 м кожны, узвядзенне пастаянных канструкцый і ўсталяванне інжынерных сістэм было скончана ў лістападзе 2005. Усе працы занялі 9 месяцаў.



Катлаван з прымяненнем бурасякучых свай. Доха, Катар. Фота аўтара.

Прыклад 2
Дубай, дзе пракладзеныя два сервісныя танэлі даўжынёй 750 м кожны. Танэлі пракладзеныя з мацерыка да астравоў Пальм Джумэйра. Унутры танэляў усталяваныя магістралі для электрычнасці, кабеляў сувязі і вадавода.
Машына - Herrenknecht AVND2500AH дыяметрам 3600 мм.

Прыклад 3
Ленінградская вобласць. Тут 250-метровы мікратанэль дыяметрам 2,0 м пад Сайменскім каналам. Прызначэнне танэля - калектар для трубы газаправода. Праект рэалізаваны ў 2010 годзе ААТ "Метрострой" пры дапамозе мікратанэле-праходчага комплекса Herrenknecht AVN-2000D

***
У заключэнне
Мікратанэлі пад вадой - гэта адзін з найбольш імкліва развіваючыхся накірункаў танэліравання. Падобныя аб'екты рэалізоўваюцца і за мяжой, і ў краінах СНД.
Лідэрам у галіне вытворчасці машын з'яўляецца нямецкая кампанія Herrenknecht, якая можа вырабіць шчыт патрэбнага дыяметру. Акрамя таго, даступны рынак б/у машын.
Беларускія кампаніі Белтрубаправодбуд і Мінскметрабуд маюць экспертызу для ажыццяўлення будаўнічых прац.



Мікратанэльны шчыт Herrenknecht у Дубаі. Фота аўтара



Унутраны дыяметр гэтага танэля - 3,0 м
***

Лірычнае
Лонданцы любяць свой танэль. А мы можам стварыць у Магілёве найцікавейшы аб'ект, які праслужыць нам 100 гадоў, будзе несці турыстычнае, рэкрэацыйнае значэнне. Наяўнасць другога сервіснага танэля спросціць магчымасці пракладкі камунікацый.


(с) urbansketchers-london.blogspot.com
Previous post Next post
Up