5 лістапада распачаўся XVIII Міжнародны кінафестываль «Лістапад», які працягнецца тыдзень. Нягледзячы на крызіс, фэст парадуе гледачоў выкшталцонымі карцінамі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і адмысловымі паказамі карэйскага кіно і лацінаамерыканскімі стужкамі.
Карціна, якой адкрыўся кінафэст - стужка «Алена» Андрэя Звягінцава.
Сярод конкурсных карцінаў «Шапіто-шоў» Сяргея Лобана, які распачынаў сваю кар’еру беларускім «Случаем з пацаном», зробленым, як комікс-«Навінкі»
. Пасля падпольнага «Пылу» - гэта другая бурлескная стужка Лобана з Пятром Мамонавым.
На «Лістападзе» шырока дэманструецца польскае кіно. Інстытут Адама Міцкевіча прадстаўляе пазаконкурсны цыкл дакументальных стужак «Даведнік па паляках» і «Цацкі». «Чат самазабойцаў» Яна Комаса - з праграмы «Маладосць на маршы» - драма з удзелам кампутара. А вось «Ружычка» Яна Кідава-Блонскага - таталітарна-эратычны трылер пра жанчыну, якая закахалася ў агента бяспекі.
«Чорны чацвер» Антоні Краўзэ з асноўнага конкурсу паказвае трагічныя падзеі польскіх бунтоў 70-ых гадоў, раздушаных паліцыяй. Мексіканскі кінаальманах «Рэвалюцыя» змагарную тэму працягвае.
На фэсце прадстаўлены стыльны карэйскі фільм «Служанка» - паўтор нашумелага трылера 60-х гадоў; цяперашняя стужка прыцягнула ўвагу Канаў. А дакументальная карціна беларускай рэжысёркі Галіны Адамовіч «Інакіня», знятая на менскай праваслаўнае студыі трыюмфуе на міжнародных праглядах. Сярод разынак фэсту - невядомае ў нас македонскае кіно - «Маткі» Мілчы Малчэўскага.
Упершыню на кінафэсце будзе праводзіцца майстар-класа «Dragon-forum», дзе творцаў будуць вучыць, як прадставіць і зняць дакументальны фільм.
Завершыцца кінафэст 12 лістапада.
Расклад фэсту - на сайце «Лістападу»